У Баранавічах абрынуўся навес філіяла абласной базы «Бакалея», паведамляе мясцовая газета «Наш край».
Інцыдэнт здарыўся ў ноч з 20 на 21 снежня ў будынку складскога памяшкання на Слонімскай шашы.
Прычынай абвальвання даху стала менавіта вялікая маса снегу, які доўгі час не прыбіралі.
— На жаль, гэта прамое наступства нядобрасумленнага стаўлення да сваіх службовых абавязкаў, — адзначыў намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Аляксандр Казека. — Вінаватыя ў гэтым інцыдэнце будуць знойдзеныя і прыцягнутыя да адказнасці. Спадзяюся, іншыя суб’екты гаспадарання зробяць высновы з таго, што адбылося. Заклікаю ўсіх своечасова ачышчаць дахі ад снегу.
На распараджэнне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства ўнутраных справаў з 20 па 23 снежня на тэрыторыі горада і раёна супрацоўнікі праводзяць сумесныя рэйды, каб паведаміць пра неабходнасць своечасовай ачысткі дахаў ад снегу.
Гаворка ідзе пра буйнагабарытныя будынкі: гандлёвыя цэнтры, прадпрыемствы з вялікай плошчай даху. Кіраўнікам уручаюцца паведамленні аб правядзенні ачысткі.