У Крыме плануюць наладзіць чыгуначныя зносіны з Беларуссю
20 сакавiка 2024 у 1710909480
«Зеркало»
У Крыме плануюць наладзіць чыгуначныя зносіны з Беларуссю. У гэтым плане ўжо ёсць напрацоўкі, паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на пастаяннага прадстаўніка Крыма пры прэзідэнце Расіі Георгія Мурадава.
Паводле яго словаў, пра запуск цягнікоў у Беларусь размовы ідуць ужо два гады. Мурадаў адзначыў, што ўжо да пачатку турыстычнага сезона плануецца арганізаваць спецыяльныя вагоны ў цягніках, якія ідуць з Беларусі ў Расію. Пасля ўезду ў краіну іх будуць перачэпліваць на цягнікі, якія ідуць на паўвостраў.
Ён адзначыў, што Крым зацікаўлены ў павелічэнні турпатоку з Беларусі. Таксама ўлады анексаванага ўкраінскага паўвострава разглядаюць магчымасць у будучыні адкрыцця непасрэдных авія- і паўнавартасных чыгуначных зносін.
Нагадаем, афіцыйна Беларусь не прызнавала Крым расійскім. Але Аляксандр Лукашэнка 30 лістапада 2021 года заявіў, што лічыць Крым расійскай тэрыторыяй «дэ-юрэ» і «дэ-факта». На ягоную думку, ён мае права на наведванне Крыма, «пад чыім бы ён там пратэктаратам, кіраўніцтвам і чый бы ні быў Крым».