Читать по-русски


Роўна 455 гадоў таму, 1 ліпеня 1569 года, продкі сучасных беларусаў стварылі новую дзяржаву — была заключаная Люблінская унія, пасля чаго яны разам з продкамі літоўцаў, украінцаў і палякаў сталі жыць у Рэчы Паспалітай. Гэта была магутная і вялікая дзяржава, але яе роля ў нашай гісторыі застаецца неадназначнай. Расказваем, як з’явілася ідэя такой федэрацыі, як аб’яднанне рэалізоўвалася на практыцы і — самае галоўнае — як змяніла жыццё нашых продкаў і нас саміх.

Што такое Люблінская унія?

Гэта дзяржаўны саюз, заключаны ў 1569 годзе паміж дзвюма краінамі: Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім (ВКЛ). Апошняе было беларуска-літоўскай дзяржавай, у ёй жылі продкі сучасных прадстаўнікоў гэтых народаў, а таксама ўкраінцаў. Паводле уніі Польшча і ВКЛ аб’ядналіся ў Рэч Паспалітую (РП) — федэратыўную дзяржаву, у якой абодва ўдзельнікі саюза мелі ўласныя адміністрацыйны апарат, казну, войска і законы.

Навошта наогул трэба было аб’ядноўвацца?

Калі каротка, то ёсць два аспекты: дзяржаўны і прыватны. З дзяржаўнага пункту гледжання аб’яднанне было патрэбнае ВКЛ, каб не страціць незалежнасць і вызваліць захопленыя агрэсіўным суседам землі. З прыватнага — каб прадстаўнікі арыстакратыі Вялікага Княства маглі атрымаць тыя ж правы і прывілеі, што мелі палякі. Разбяром абодва аспекты больш падрабязна.

Сяброўства-супрацоўніцтва ВКЛ з палякамі пачалося ў канцы XIV стагоддзя, калі вялікага князя літоўскага Ягайлу запрасілі стаць мужам польскай каралевы Ядвігі і ўзысці на польскі трон. Той пагадзіўся, і паміж дзяржавамі ў 1385 годзе была заключаная Крэўская унія (падзеі адбыліся ў горадзе Крэва — цяпер гэта аграгарадок у Смаргонскім раёне Беларусі).

Ядвига и Ягайло. Работа Оскара Томаша Сосновского. Изображение: wikimedia.org
Ядвіга і Ягайла. Праца Оскара Томаша Сасноўскага. Выява: wikimedia.org

Паводле тэксту уніі, Ягайла абяцаў «землі свае літоўскія і рускія (то-бок тэрыторыі сучасных Літвы, Беларусі і Украіны. — Заўв. рэд.) на вечныя часы да кароны Каралеўства Польскага далучыць». Але ніякага аб’яднання потым не адбылося: дэ-юрэ Ягайла ўзначаліў дзве асобныя дзяржавы і заставаўся іх адзіным кіраўніком да сваёй смерці ў 1434-м. На практыцы ж у ВКЛ хутка пачаў кіраваць яго стрыечны брат Вітаўт.

Фармальна ён прызнаваў сябе намеснікам Ягайлы, але насамрэч праводзіў цалкам самастойную палітыку. Анансаванае аб’яднанне дзвюх дзяржаваў у адну так і не было рэалізаванае. Краіны захавалі ўласныя заканадаўства, судовую сістэму, войска, казну, чаканілі ўласныя манеты, ды і мяжа паміж ВКЛ і Польшчай нікуды не знікла.

Першапачаткова абедзве дзяржавы зблізіла пагроза Тэўтонскага ордэна, які пастаянна прэтэндаваў на славянскія землі. Перамога ў бітве пад Грунвальдам (1410 год), а потым яшчэ ў адной, пазнейшай вайне паставілі ў гэтым пытанні кропку.

Ян Матейко. «Грюнвальдская битва» (1878). Изображение: Ян Матейко. «Грюнвальдская битва» (1878). Изображение: cyfrowe.mnw.art.pl, commons.wikimedia.org
Ян Матэйка. «Грунвальдская бітва» (1878). Выява: cyfrowe.mnw.art.pl, commons.wikimedia.org

Яшчэ да бітвы пад Грунвальдам Ядвіга памерла, не пакінуўшы дзяцей, але дынастыя Ягелонаў зацвердзілася на польскім троне. Пры жыцці яе мужа, які пасля тройчы ажаніўся, былі заключаныя яшчэ тры уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Паводле Віленска-Радамскай (1401), княства прызнавалася спадчыннай уласнасцю Ягайлы і яго нашчадкаў. Паводле Гарадзельскай (1413), у ВКЛ уводзіўся той жа адміністрацыйны падзел, што і ў Польшчы, а мясцовая шляхта, якая была гатовая перайсці ў каталіцтва, атрымлівала тыя ж правы, што і палякі. Нарэшце, Гродзенская (1432) шмат у чым паўтарала палажэнні Віленска-Радамскай.

У той момант аб’яднанне было больш патрэбнае палякам, чым нашым продкам, — ініцыятыва ішла менавіта ад суседзяў, якія хацелі распаўсюдзіць свой уплыў на ўсход. Напрыклад, у 1503-м яны паспрабавалі заключыць Мельніцкую унію, якая прадугледжвала наяўнасць у дзяржаваў агульнага караля, увядзенне адзінай валюты, правядзенне адзінай замежнай і ўнутранай палітыкі. Дзяржаўныя пасады і суды захоўваліся б асобныя. Караля прапаноўвалася абраць, але паколькі большасць выбаршчыкаў была б палякамі, на дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ можна было б ставіць крыж. У выніку сойм Вялікага Княства унію не зацвердзіў.

Таму аж да сярэдзіны XVI стагоддзя існавала наступная сітуацыя: у ВКЛ і Польшчы быў адзін і той жа кіраўнік, які быў адначасова польскім каралём і вялікім князем літоўскім (гэта былі спадчыннікі Ягайлы, сыны Вітаўта памерлі зусім маладымі). Але дзяржавы заставаліся незалежнымі. Праўда, эліты ВКЛ усё мацней імкнуліся да палякаў. Шырокія правы і прывілеі суседняй шляхты не давалі спакою і хвалявалі іх уяўленне. Аднак аб’ядноўвацца нашыя продкі ўсё роўна не хацелі.

Польша и ВКЛ в 1526 году. Изображение: Mathiasrex based on layers of Halibutt, commons.wikimedia.org
Польшча (тэрыторыя бледна-жоўтага колеру) і ВКЛ (тэрыторыя ярка-жоўтага колеру) у 1526 годзе. Выява: Mathiasrex based on layers of Halibutt, commons.wikimedia.org

Аднак да сярэдзіны XVI стагоддзя перад нашымі продкамі паўстала іншая вонкавая праблема — імкненне Маскоўскай дзяржавы пашырыцца на захад. Войны з усходнімі суседзямі адбыліся ў 1487−1494, 1500−1503, 1507−1508, 1512−1522, 1534−1537 гадах. Сіл абараняцца ў ВКЛ станавілася ўсё менш, а таму княства ўсё часцей звярталася па падтрымку да Польшчы.

У 1563-м, падчас чарговай — Лівонскай — вайны, якая пачалася за два гады да гэтага, маскоўскія войскі пасля аблогі ўзялі штурмам Полацк, адзін з найбуйнейшых гарадоў Княства. Гэта быў галоўны поспех Масквы ў той вайне. Развіць яго праціўнік не змог: бітва пад Улай (1564), якая адбылася на тэрыторыі сучаснага Чашніцкага раёна, завяршылася поўным разгромам маскоўскага войска. Але сіл вызваліць Полацк у ВКЛ не засталося, трохтыднёвая аблога горада скончылася безвынікова. Грошай і войскаў для вызвалення захопленых тэрыторый не было.

Магчыма, аб’яднанне паміж ВКЛ і Польшчай усё роўна адбылося б трохі пазней. Але вайна з Масквой адназначна паскорыла гэты працэс. Маючы патрэбу ў дапамозе, нашыя продкі пагадзіліся на чарговы раўнд перамоваў.

Як праходзіла аб’яднанне?

10 студзеня 1569 года ў польскім горадзе Люблін пачаў працу сумесны сойм Каралеўства Польскага і ВКЛ. Аднак перамовы ішлі цяжка: у кожнага з бакоў былі свае прапановы.

Дэлегацыя ВКЛ (свае прапановы яна сфармулявала яшчэ ў 1563-м і засталася ім верная) настойвала, каб адзінага караля выбіралі на агульным сойме, які праходзіў бы на мяжы дзвюх дзяржаваў. На гэтым сойме кожны з бакоў прадстаўляў бы аднолькавую колькасць паслоў (дэпутатаў). Арыстакраты ВКЛ хацелі, каб агульны кароль каранаваўся два разы ў кожнай з краін. Каб соймы склікаліся напераменку ў дзвюх дзяржавах і каб на іх акрамя абрання манарха вырашаліся пытанні вайны і міру, адпраўкі агульных пасольстваў, пытанні падаткаабкладання на ўтрыманне войскаў падчас вайны. На пасады ў ВКЛ прапаноўвалася прызначаць толькі ўраджэнцаў Княства.

У сваю чаргу палякі настойвалі на стварэнні фактычна адзінай дзяржавы з адзіным соймам і сенатам, з адзіным манархам, які б каранаваўся ў Польшчы, на сумеснай замежнай палітыцы — і толькі згаджаліся на захаванне дзяржаўнай адміністрацыі ВКЛ. Гаворачы пра братэрства абодвух народаў, польскі біскуп Філіп Паднеўскі даводзіў, што Ягайла нібыта ўжо і так падараваў ВКЛ Польшчы. На гэта Ян Хадкевіч, які ўзначальваў дэлегацыю ВКЛ, адказаў пытаннем: «Калі мы вам падораныя, тады навошта вам патрэбная унія з намі?»

Памятная стела в Люблине в честь создания Речи Посполитой. Изображение: Szater, commons.wikimedia.org
Памятная стэла ў Любліне ў гонар стварэння Рэчы Паспалітай. Выява: Szater, commons.wikimedia.org

Фактычна нашыя продкі хацелі і далей плаўна збліжацца з палякамі, не робячы рашучых крокаў. А вось тыя хацелі аб’яднання ў адну дзяржаву — Польшчу.

Калі перамовы зайшлі ў тупік, дэлегацыя ВКЛ разам з вялікім канцлерам літоўскім (адна з найвышэйшых службовых асобаў дзяржавы) Мікалаем Радзівілам Рудым у пачатку сакавіка пакінула Люблін. Аднак адзінства сярод эліты ВКЛ не было. Магнаты (буйныя арыстакраты) выступалі супраць аб’яднання, а вось шляхта, як ужо гаварылася, хацела атрымаць тыя ж правы, што мелі палякі. Частка з іх на той час ужо навярнулася ў каталіцызм, а таму не бачыла асаблівых праблем для аб’яднання.

Палякі ж паскорылі працэс, ударыўшы саюзнікам у спіну. Да 1569 года ў ВКЛ уваходзілі тэрыторыі не толькі сучасных Беларусі і Літвы, але і частка Украіны — апошняя ўвайшла ў склад княства яшчэ ў ХIV стагоддзі, калі вялікі князь Альгерд выбіў татараў з тых земляў. Аднак у сакавіку 1569 года Жыгімонт II Аўгуст — на той час кароль польскі і вялікі князь ВКЛ — выдал прывілей пра далучэнне да Польшчы тэрыторый Падляшскага і Валынскага ваяводстваў, а пазней яшчэ і Падолля (земляў на захадзе сучаснай Украіны. — Заўв. рэд.) разам з Кіевам. Пад пагрозай, што ў іх забяруць маёнткі, шляхта ВКЛ прысягнула на вернасць Польшчы. Многія магнаты цягнулі час як маглі, але ўсё ж скарыліся.

Речь Посполитая в 1569 году. Изображение: CC BY-SA 3.0: commons.wikimedia.org
Рэч Паспалітая ў 1569 годзе. Тэрыторыя Польшчы бледна-жоўтага колеру, ВКЛ — ярка-жоўтага. Параўнайце гэтую карту з папярэдняй. Выява: CC BY-SA 3.0: commons.wikimedia.org

Праўда, не ўсе. Шляхта Мазырскага павета дружна вырашыла застацца ў ВКЛ. У выніку гэтую адміністрацыйную адзінку вывелі з Кіеўскага ваяводства і ўключылі ў склад Мінскага. Гэта падзея мела ключавое значэнне для будучыні Беларусі. Калі б не было такога рашэння, Мазыр амаль напэўна цяпер быў бы украінскім, бо страчаныя тады землі такі і не вярнуліся ў склад ВКЛ. А менавіта на аснове земляў Княства пазней фармавалася Беларусь.

У арыстакратаў ВКЛ рашэнне Жыгімонта — нагадаем, іх уласнага манарха — выклікала шок. Нагадаем, што частка ўсходніх земляў па-ранейшаму была захопленая Масквой. Цяпер жа Вільня страчвала і паўднёвыя землі. Сіл вярнуць Украіну не было. Да таго ж ваяваць з Польшчай ва ўмовах канфлікту на ўсходзе было бессэнсоўна. Нашым продкам нічога не заставалася, як змірыцца — і вярнуцца за стол перамоваў.

5 красавіка 1569 года дэлегацыя ВКЛ зноў была ў Любліне. Але цяпер яна выступала ў ролі просьбіта, спадзеючыся вярнуць захопленыя Масквой землі. Аднак палякі не згаджаліся. Паўтара месяца ішлі напружаныя перамовы.

28 чэрвеня на агульным паседжанні Ян Хадкевіч, апелюючы перш за ўсё да Жыгімонта Аўгуста, сказаў загадзя падрыхтаваную прамову. Як пісаў літоўскі гісторык Эдвардас Гудавічус, «разумеючы гістарычнае значэнне моманту і ўзважыўшы наступствы кожнага сказанага слова, жамойцкі стараста (гэтую пасаду займаў Хадкевіч. — Заўв. рэд.) усю моц свайго красамоўства і інтэлекту псіхалагічна нацэліў у глыбіню душы Жыгімонта Аўгуста (як ён яе бачыў і разумеў), якая калісьці адгукнулася на каханне Барбары Радзівіл, якое ўзрушыла свет (вялікі князь ажаніўся з прадстаўніцай роду з ВКЛ насуперак жаданню польскай арыстакратыі. — Заўв. рэд.). Падкрэсліўшы адказнасць дэлегацыі Літвы перад будучымі пакаленнямі літоўцаў (тут і далей маюцца на ўвазе жыхары ВКЛ. — Заўв. рэд.) і яе абавязак абараніць Айчыну, ён прызнаў, што ў дэлегацыі няма выйсця. Вымушаныя скарыцца свайму ўладару, літоўцы ўсе нацыянальныя надзеі ўкладваюць у яго рукі і моляць пра выратаванне Айчыны, якой самі яны ўжо не ў сілах дапамагчы. Імем Госпада заклікаў Ян Хадкевіч да сумлення манарха, і ўсе літоўскія дэлегаты ўкленчылі перад сваім вялікім князем».

Ян Матейко. "Люблинская уния" (1869). Изображение: wikipedia.org
Ян Матэйка. «Люблінская унія» (1869). Выява: wikipedia.org

Паводле Гудавічуса, «прамова жамойцкага старасты адпавядала ўсім правілам рэнесанснай рыторыкі і жыва адгукнулася ў людскіх душах. Слёзы цяклі па шчоках дэлегатаў, плакалі нават некаторыя польскія гледачы. Жыгімонт Аўгуст быў узрушаны: няшчасная радзіма каханай Барбары цягнула да яго рукі, нібы сама Барбара з ложа смерці. У сцяне, аб якую разбіваліся ўсе намаганні літоўцаў, узнікла расколіна. Гэтым разам дэлегатам Літвы дазволілі ўзяць праект для рэдакцыйнай дапрацоўкі».

Пасля яе заканчэння і зацверджання 28 чэрвеня дэлегаты падпісалі унію. 1 ліпеня яна была ратыфікаваная пасламі ВКЛ і асобна дэпутатамі польскага сойма.

У выніку нашыя продкі страцілі незалежнасць?

Не зусім.

Рэч Паспалітая стала федэратыўнай дзяржавай, часткамі якой былі асобныя Польшча і ВКЛ. Новая краіна атрымала адзінага манарха, які каранаваўся менавіта ў Польшчы, узніклі адзіныя сойм і сенат, у якіх паводле агульнай колькасці пераважалі дэлегаты ад гэтай жа краіны. Аднак абедзве часткі федэрацыі захавалі свае ўласныя адміністрацыйныя апараты, казну, войска і законы.

Як пісаў Гудавічус, «неканкрэтызаваныя агульныя соймы практычна не перашкаджалі ператварыць іх у сходы асобных фракцый (то-бок нягледзячы на тое, што сойм быў адзіным, дэ-факта ў ім працягвалі існаваць аб’яднанні польскіх і літоўскіх дэпутатаў. — Заўв. рэд.). Грашовы курс мусіў быць ураўнаваны, але ліквідацыя літоўскіх грошай не прадугледжвалася».

Слуцкий пояс и Третий статут Великого Княжества Литовского. Фото: wikipedia.org
Слуцкі пояс і Трэці статут Вялікага Княства Літоўскага. Фота: wikipedia.org

Паводле Статуту (збору асноўных законаў) Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, замежнікам (у тым ліку палякам) забаранялася набываць зямлю ў ВКЛ і займаць дзяржаўныя пасады.

Што нашыя продкі выйгралі ад уніі, а што прайгралі?

Наступствы аказаліся вельмі неадназначнымі.

Спярша скажам пра плюсы.

У тых канкрэтных умовах нашыя продкі змаглі абараніцца ад маскоўскай агрэсіі. Праз тры гады пасля заключэння уніі, у 1572-м, памёр Жыгімонт Аўгуст. Дзяцей у яго не было, дынастыя Ягелонаў перарвалася. У 1576-м каралём РП стаў Стэфан Баторый, які ажаніўся з Ганнай Ягелонкай, сястрой Жыгімонта. У наступным годзе ён аднавіў вайну з Масквой — і супрацьстаяў ёй вельмі паспяхова. Войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі Полацк, занялі Веліж, Усвяты і Вялікія Лукі (усе гэтыя населеныя пункты цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Расіі). Баторый наступаў і на Пскоў, але аблога гэтага горада была няўдалай. У выніку ў 1582-м недалёка ад Пскова была заключаная Ям-Запольская мірная дамова, паводле якой Масква страціла ўсе заваёвы ў Лівонскай вайне.

Ям-Запольский мир 1582 года. Оранжевым цветом обозначена территория, которую Москва передала Речи Посполитой. Изображение: Mathiasrex Maciej Szczepańczyk, based on layers of Halibutt, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Ям-Запольскі мір 1582 года. Аранжавым колерам пазначаныя тэрыторыі, якія Масква перадала Рэчы Паспалітай. Выява: Mathiasrex Maciej Szczepańczyk, based on layers of Halibutt, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

ВКЛ працягнула сваё развіццё як частка еўрапейскай цывілізацыі, пазбегнуўшы захопу ўсходняй суседкай. Нашая краіна перажыла росквіт культуры. Напрыклад, у ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях у Беларусі мела месца эпоха барока, якую ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя змяніла эпоха Асветніцтва.

Былі наступствы, якія не назавеш ні адназначна станоўчымі, ні адназначна адмоўнымі. Хутчэй, іх трэба проста прыняць як факт.

Такім наступствам стала, напрыклад, размежаванне дзвюх будучых краін: Беларусі і Украіны. Да канца XVI стагоддзя арэал пісьмовай старабеларускай мовы ахопліваў не толькі ўсю нашую краіну, але і значную частку сучаснай тэрыторыі Украіны. Пасля Люблінскай уніі на пісьме пачалі замацоўвацца адрозненні паміж будучымі беларускай і ўкраінскай мовамі. Ды і ў цэлым перадача паўднёвых земляў ВКЛ Польшчы шмат у чым канчаткова аформіла межы паміж сучаснымі Беларуссю і Украінай.

Праўда, у складзе Польшчы ўкраінцы сутыкнуліся з нацыянальным і рэлігійным прыгнётам (палякі былі каталікамі, украінцы — праваслаўнымі), што справакавала шэраг паўстанняў. Самае маштабнае з іх, пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, перарасло ў вызваленчую вайну. Шматлікія паўстанні аслабілі РП і ў будучыні сталі адной з прычын яе заняпаду і падзелаў. Але гэта далёкае і ўскоснае наступства уніі.

Ёсць наступства, пра якое да гэтага часу ідуць спрэчкі. У 1596-м была заключаная Берасцейская царкоўная унія, паводле якой усе праваслаўныя вернікі ў Рэчы Паспалітай прызнавалі ўладу папы рымскага, але пры гэтым захоўвалі сваю літургію на царкоўнаславянскай мове. Ватыкан і Польшча бачылі ў гэтым крок для пераводу праваслаўных у каталіцтва. Нядзіўна, што унія выклікала раскол у грамадстве.

Аднак паступова ўніяцтва зрабілася самай папулярнай рэлігійнай плынню на тэрыторыі ВКЛ. У канцы XVIII стагоддзя 75% жыхароў беларускіх земляў былі ўніятамі (у вясковай мясцовасці — 80%). Як пісаў гісторык Анатоль Грыцкевіч, «з канца XVI да канца XVIII ст. беларуская мова ў рэлігійным жыцці была раўнапраўная з царкоўнаславянскаю. Навучанне, малітвы за выключэннем літургіі, адбываліся на беларускай мове. У XVIII ст. беларуская мова ва ўніяцкай царкве абмяжоўваецца. Аднак у розных пастановах гэтага перыяду загадвалася гаварыць з вернікамі на іх мове, або „простай мове“, выкладаць катэхізіс, тлумачыць Евангелле, прамаўляць казанні па-беларуску», — пісаў Грыцкевіч.

Ён таксама адзначаў, што газета «Мужыцкая праўда», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі, называла ўніяцтва нацыянальнай рэлігіяй беларусаў. Пры гэтым праваслаўныя трактуюць унію адмоўна — тым больш што іх вера ў новай краіне выцяснялася на перыферыю. Так што не будзем даваць катэгарычных ацэнак.

Трапезная доминиканского монастыря в Люблине. Считается, что именно тут был заключен Акт Люблинской унии.Изображение: Maciej Szczepańczyk, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Трапезны пакой дамініканскага кляштара ў Любліне. Лічыцца, што менавіта тут быў заключаны акт Люблінскай уніі. Выява: Maciej Szczepańczyk, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Цяпер пра відавочныя мінусы.

У тэксце Люблінскай уніі гаварылася пра аб’яднанне «ў адзін народ». Зразумела, першапачаткова пра гэта не магло быць і гаворкі. Але паступова адбывалася ўсё большая ўніфікацыя ў эканоміцы, палітыцы, культуры, рэлігіі. У сферы замежнай палітыкі «маторам» выступаў афіцыйны Кракаў (потым Варшава). ВКЛ заставалася, хутчэй, на другіх ролях. Вынік — значэнне ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай паступова змяншалася. Створаная ў XVIII стагоддзі адукацыйная камісія была адзінай для РП. У 1780-я гады былі спробы ўніфікаваць права дзвюх частак федэрацыі. У канцы таго дзесяцігоддзя былі створаныя агульнадзяржаўныя камісіі войска, паліцыі, замежных справаў, казны і іншых службаў. Палякі выразна вялі працэс да ўсеагульнай уніфікацыі.

Зрэшты, сказаць, як бы разгортваліся падзеі і ці адбылося б поўнае зліццё дзвюх частак федэрацыі ці не, адназначна немагчыма. Але ўсё ж культурнае, моўнае і рэлігійнае збліжэнне шляхты дзвюх частак федэрацыі не прывяло да страты грамадствам ВКЛ сваёй дзяржаўнай самасвядомасці. І гэта галоўнае.

Старабеларуская мова паступова пачала знікаць з афіцыйнага ўжытку ў РП. Адной з галоўных прычын было натуральнае змешванне польскай і літоўскай арыстакратыі, у працэсе якога другая ўсё больш пераймала лад жыцця першай — у тым ліку і мову. У 1696 годзе з’явілася пастанова, што дзяржаўныя дакументы ў ВКЛ павінныя складацца выключна на польскай і лацінскай мовах. Гэта стала велізарным ударам па старабеларускай. Балазе на ёй працягвалі размаўляць сяляне, што дазволіла ў будучыні адрадзіць яе ў выглядзе сучаснай беларускай мовы.

Так што факт застаецца фактам: у Рэчы Паспалітай нашыя продкі маглі страціць сваю ідэнтычнасць, што стала непасрэдным вынікам празмерна блізкай інтэграцыі з заходнім суседам.

Заключэнне уніі — важная дата для сучаснай Беларусі?

Без сумневу, хоць можна з упэўненасцю сказаць, што дата гэтая неадназначная. Дзякуючы уніі нашая дзяржаўнасць не знікла, але паўнавартаснай незалежнасці больш не было — частку самастойнасці ВКЛ страціла. Наступны перыяд РП таксама складана назваць найлепшым у беларускай гісторыі. Велізарная колькасць унутраных супярэчнасцяў прывяла гэтую дзяржаву ў стан глыбокага крызісу і ўрэшце — да спынення існавання ў канцы XVIII стагоддзя.

Заключэнне Люблінскай уніі дакладна стала адным з ключавых момантаў у айчыннай гісторыі. Гэта вяха — нароўні з хрышчэннем Русі, з’яўленнем ВКЛ, анексіяй Беларусі ў склад Расіі, абвяшчэннем незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, стварэннем СССР, а таксама яго распадам і абвяшчэннем незалежнасці. З Люблінскай уніі ў жыцці нашых продкаў пачаўся зусім іншы перыяд — у гэтым і ёсць яе галоўнае значэнне для нас.

Чытайце таксама