Беларусь адхіляе абвінавачанні ў парушэнні паветранай прасторы Польшчы. Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Беларусі.
Абвінавачанні ў парушэнні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА — «надуманыя і былі зробленыя польскім вайскова-палітычным кіраўніцтвам для чарговага апраўдання нарошчвання сіл і сродкаў ля беларускай мяжы».
У ведамстве нагадалі, што яшчэ раніцай аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы супакойвала насельніцтва заявамі пра тое, што польскія радары не фіксавалі парушэння дзяржмяжы. Вечаровую заяву Мінабароны Польшчы ў Беларусі тлумачаць тым, што польскія вайскоўцы «параіліся са сваімі заакіянскімі гаспадарамі».
«Паведамленне, не пацверджанае дадзенымі аб’ектыўнага кантролю з боку Польшчы, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь разглядае ў стылі „адна бабка сказала“ і адзначае, што парушэння паветранай прасторы верталётамі Мі-24 і Мі-8 не было», — гаворыцца ў заяве беларускага ведамства.
Нагадаем, 1 жніўня ў небе над польскай вёскай Белавежа ў Падляшскім ваяводстве паблізу польска-беларускай мяжы заўважылі беларускія вайсковыя верталёты. Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што верталёты праляцелі проста над вёскай, OSINT-расследавальнікі кажуць пра залёт углыб польскай тэрыторыі на тры кіламетры. Але ў аператыўным камандаванні Узброеных сіл Польшчы запэўнівалі, што парушэння паветранай прасторы зафіксавана не было.
Увечары 1 жніўня Міністэрства абароны Польшчы заявіла, што парушэнне паветранай прасторы краіны беларускімі вайсковымі верталётамі ўсё ж было. Адзначаецца, што перасячэнне мяжы адбылося ў раёне Белавежы на вельмі малой вышыні, што абцяжарыла яго выяўленне радыёлакацыйнымі сістэмамі.