Экс-байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка затрымалі ў В’етнаме 13 лістапада. І ўжо на наступны дзень мужчына апынуўся ў Беларусі. Чаму працэдура выдачы прайшла так хутка? І як зразумець, што краіна, у якую вы збіраецеся паехаць, можа супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі? Гэтыя пытанні «Люстэрка» задало юрыстам, што спецыялізуюцца на міжнародным праве.
«Калі б яго сапраўды затрымалі па крымінальнай справе, такой хуткай выдачы не здарылася б»
Беларусь і В’етнам падпісалі пагадненне пра ўзаемную адмену візаў і экстрадыцыю яшчэ ў снежні 2023 года. Аднак, як лічыць эксперт у галіне міжнароднага крымінальнага права, адвакат Алесь Міхалевіч, выдачу Васіля Верамейчыка з В’етнама ў Беларусь нельга назваць вынікам экстрадыцыйнага працэсу.
— Такі працэс звычайна доўжыцца 40−50 дзён, ён не можа праходзіць экспрэс-метадам. Гэта быў «дагаварняк» паміж в’етнамскімі і беларускімі сілавікамі, — лічыць Міхалевіч. — Я на 99% упэўнены, што Васіль нейкі час быў «у распрацоўцы». Калі б яго сапраўды затрымалі па крымінальнай справе, такой хуткай выдачы не здарылася б. Адваката ў Верамейчыка не было, але я ўпэўнены, што ён не згаджаўся добраахвотна ехаць у Беларусь.
Алесь Міхалевіч нагадвае, што В’етнам — гэта краіна, у канстытуцыі якой замацаваная кіроўная роля Камуністычнай партыі. Адвакат лічыць, што сітуацыі з выдачай беларусаў на запыт КДБ у неправавых дзяржавах могуць паўтарацца.
— Магчыма, выпадак Верамейчыка — разавая аперацыя, якую КДБ правёў, каб паказаць, што ў яго доўгія рукі, але агулам гэта можа паўтарыцца ў якой-небудзь краіне, з кіраўніцтвам якой у рэжыму Лукашэнкі добрыя адносіны, — перасцерагае Міхалевіч.
Як ацаніць узровень пагрозы?
Офіс Святланы Ціханоўскай і Народныя амбасады Беларусі распрацавалі спіс краін, бяспечных для наведвання беларусамі, якія пасля пратэстаў 2020 года апынуліся за мяжой.
Юрыст-міжнароднік і дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў кажа, што нават гэты пералік нельга лічыць вычарпальным. Таму перад кожнай паездкай у дзяржаву з недэмакратычным ці неправавым рэжымамі неабходна самастойна дадаткова ўзважыць усе патэнцыйныя пагрозы.
— У першую чаргу даведайцеся, ці ёсць у краіны, якая вас цікавіць, дыпламатычныя адносіны з Беларуссю і Расіяй, — раіць Леанід Марозаў. — Краіны, якія падтрымліваюць цесныя сувязі з беларускімі ці расійскімі ўладамі, могуць быць больш схільныя да супрацоўніцтва ў пытаннях экстрадыцыі ці абмену інфармацыяй пра грамадзян Беларусі. То-бок звяртайце ўвагу, ці ёсць у Беларусі амбасада гэтай краіны.
Наступны важны крытэр ацэнкі бяспекі краіны, паводле Марозава, — наяўнасць паміж ёю і Беларуссю пагаднення пра экстрадыцыю.
— Калі такое пагадненне ёсць, то гэта павялічвае рызыку выдачы беларускіх грамадзян на запыт афіцыйных органаў, — тлумачыць дарадца Ціханоўскай. — Звычайна гэты дакумент называецца міжнароднай дамовай пра прававую дапамогу. Калі ён падпісаны паміж планаванай краінай наведвання і Беларуссю, то яна, хутчэй за ўсё, будзе небяспечная.
Для дадатковай ацэнкі краіны Леанід Марозаў раіць удакладніць, як яна галасуе па беларускім пытанні ў міжнародных арганізацыях.
— Самы свежы выпадак — на 57-й сесіі Савета ААН па правах чалавека, якая прайшла ў красавіку 2024 года, адбылося галасаванне па рэзалюцыі наконт становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Прагаласавалі супраць яе ці ўстрымаліся Алжыр, Бурундзі, В’етнам, Кітай, Куба, Эрытрэя, Бангладэш, Грузія, Індыя, Інданезія, Камерун, Катар, Кот-д'Івуар, Казахстан, Кувейт, Кыргызстан, Малайзія, Мальдыўскія астравы, Марока, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Самалі, Судан, Паўднёвая Афрыка. Гэта дакладна тыя краіны, у якія я б не рэкамендаваў ехаць ці нават праязджаць транзітам, — рэзюмуе Леанід Марозаў.
Чытайце таксама