У сямейнай пары з Гомеля нарадзіўся першынец, якога яны назвалі Космас. Яны ўпэўненыя, што незвычайнае імя прынясе іх сыну поспех, хоць сваякі і некаторыя сябры ўспрынялі яго скептычна, паведамілі ў галоўным упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
«Рэдкае старажытнагрэцкае імя» зарэгістравалі ў ЗАГСе Навабеліцкага раёна. Калі хлопчык вырасце, яго будуць называць Космас Вадзімавіч.
Паводле мамы дзіцяці, ніякіх сумневаў у выбары не ўзнікала — гэта было іх аднагалоснае з мужам рашэнне. Затое са сваякамі давялося «пабадацца» — бабулі дагэтуль не называюць ўнука па імені, прызнаецца яна:
— Спадзяваліся да апошняга, што мы перадумаем. Але ў нас і варыянтаў іншых не было. Імя прыгожае, незвычайнае, выклікае асацыяцыі з космасам, а гэта нешта неабсяжнае і чароўнае.
Сябры пары таксама па-рознаму ўспрынялі нязвыклае імя: адны — спакойна і прыязна, іншыя — са скепсісам і недаверам.
— Думалі, мы жартуем, спрабавалі пераканаць, што гэта сапсуе дзіцяці будучыню. Але мы ўпэўненыя, што незвычайнае імя прынясе сыночку поспех! — расказала жанчына.