У нямецкім горадзе Бад-Зальцуфлен 18−19 траўня пройдзе фестываль «Ярмарка», на якім выступяць расійскія і беларускія выканаўцы. Сярод удзельнікаў заяўлены і рэпер Сярога, які хваліў Лукашэнку, а пасля ўварвання Расіі ва Украіну актыўна крытыкаваў Захад. Паспрабавалі даведацца ў арганізатараў, як так выйшла.
Лукашэнка — «захавальнік балансу» і «паняволеныя народы»
Беларускі рэпер Сярога (сапраўднае імя — Сяргей Пархоменка) яшчэ ў 2014 годзе казаў, што атрымаў ВНЖ ва Украіне і ў Беларусі практычна не бывае. А ў 2019 годзе расказваў пра планы атрымаць украінскае грамадзянства. Праўда, пазней усё ж вярнуўся ў Беларусь і ў 2021 годзе стаў суддзёй у шоу «Фактор.BY».
Тады ж рэпер пачаў станоўча выказвацца на адрас Аляксандра Лукашэнкі. У інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону ён назваў палітыка «захавальнікам балансу», а ў адказ на пытанне пра сотні тысяч пратэстоўцаў на вуліцах заявіў пра «мільёны згодных» з палітыкай улады. У ліпені 2021-га падчас свята Купалля ў Александрыі музыка паціснуў руку Лукашэнку, спусціўшыся са сцэны.
Пасля пачатку вайны ва Украіне, у верасні 2022-га ў эфіры «Беларусь 1» Сярога наогул казаў пра «паняволеныя народы Еўропы (Брытаніі, Іспаніі, Германіі, Францыі), Паўночнай Амерыкі», якія «чакаюць нашай дапамогі, чакаюць вызвалення, чакаюць, што хтосьці прыйдзе і іх узначаліць».
Ён таксама заявіў, што вайну ва Украіне развязалі «англасаксы», а таксама што ўкраінцы, расіяне і беларусы — «адзін народ».
— Рускаму свету, дзе ёсць і мы, і ўкраінцы, і рускія, супрацьстаіць магутны мазгавы цэнтр з таго боку. Там ёсць узброеныя сілы, яны вельмі ўмела карыстаюцца чужымі войскамі, чужымі дзяржавамі, — казаў Пархоменка.
У 2023-м спявак працягваў публічна выказвацца ў падтрымку ўлады, назваўшы Беларусь «адной з самых свабодных і адной з самых справядлівых» тэрыторый.
«Як так атрымліваецца, я ўдакладніць не магу»
Чаму тады Сярога едзе выступаць у Германію, калі ён даволі негатыўна выказваўся пра гэтую краіну? Гэтае пытанне мы задалі самому Сярогу ў яго сацсетках. На момант публікацыі матэрыялу рэпер не адказаў на нашае паведамленне.
Чаму выканаўца, які падтрымлівае рыторыку Лукашэнкі і распаўсюджвае прапаганду, будзе выступаць на тэрыторыі ЕС, мы паспрабавалі даведацца, патэлефанаваўшы арганізатару фестывалю «Ярмарка» — нямецкай кампаніі BEM Holding GmbH.
— Глядзіце, як так атрымліваецца, я вам, калі шчыра, удакладніць не магу, бо мы па-за палітыкай. Калі хочаце задаць пытанне і атрымаць адказ, я б параіла вам даслаць запыт, — адказала супрацоўніца па тэлефоне.
На пісьмовы зварот да прадстаўнікоў кампаніі BEM Holding GmbH на момант публікацыі гэтага тэксту «Люстэрка» таксама не атрымала адказу.
Чытайце таксама


