На 47-м годзе жыцця 4 ліпеня заўчасна памёр міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка, паведаміла прэс-служба ведамства.
Прычына смерці не называецца. У тэлеграм-канале Мінтранса 3 ліпеня было апублікаванае віншаванне Аляксея Аўраменкі з Днём незалежнасці, адрасаванае работнікам транспартнага комплексу і дарожнай гаспадаркі.
«Цырымонія развітання адбудзецца ў чацвер 6 ліпеня 2023 г. у мінскім Палацы чыгуначнікаў. Пачатак у 10.00», — паведамілі ў прэс-службе.
Аляксей Мікалаевіч Аўраменка нарадзіўся ў 1977 годзе ў Мінску.
У 1999 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, у 2010 годзе — Акадэмію кіравання з адзнакай. Пасля заканчэння ВНУ працаваў майстрам дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 43 Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Будаўніча-мантажны трэст № 8».
З 2000 да 2001 года працаваў галоўным спецыялістам аддзела ўтрымання дарожнай сеткі Камітэта па аўтамабільных дарогах пры Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі, з 2001 да 2006 года — галоўным спецыялістам упраўлення ўтрымання дарожнай сеткі дэпартамента «Белаўтадар» ведамства. З 2006 года працаваў на розных пасадах ва ўпраўленні транспарту і сувязі апарату Савета Міністраў Беларусі. У 2012 годзе ўзначаліў упраўленне транспарту і сувязі апарату Савета Міністраў.
З 25 ліпеня 2013 года займаў пасаду намесніка міністра транспарту і камунікацый Беларусі, з 3 сакавіка 2016 года — пасаду першага намесніка міністра транспарту і камунікацый. Указам Лукашэнкі ад 15 студзеня 2019 года № 23 Аляксей Аўраменка быў прызначаны міністрам транспарту і камунікацый.
Улетку 2021 года Аўраменку ўключылі ў санкцыйныя спісы ЕС, Канады, Швейцарыі, Вялікабрытаніі і іншых краін за дачыненне да прымусовай пасадкі самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце.
Нагадаем, 26 лістапада мінулага года ва ўзросце 64 гадоў раптоўна памёр тагачасны міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей. Яго пахавалі 29 лістапада на Усходніх могілках.
У красавіку гэтага года заўчасна памёр намеснік міністра эканомікі Беларусі Сяргей Міцянскі. Яму было 42 гады.
Чытайце таксама