Днямі ўступілі ў сілу змены ў закон «Аб грамадзянстве». Цяпер беларусаў могуць пазбаўляць нават грамадзянства па нараджэннні, і пад пагрозай знаходзяцца фактычна ўсе, хто з’ехаў. Між тым Аб’яднаны пераходны кабінет працягвае працаваць над альтэрнатыўными пашпартамі — дакументами новай Беларусі. «Люстэрка» пацікавілася ў прадстаўніка Кабінета па міжнародных пытаннях Валерыя Кавалеўскага, як прасоўваецца праца.
— Цяпер мы на этапе падрыхтоўкі да вырабу фізічных узораў дакументаў, бо быў распрацаваны макет гэтага дакумента і ўзгоднены на прадмет адпаведнасці міжнародным патрабаванням, — адзначае палітык. — Мы прайшлі гэты этап, але цяпер трэба вырабіць сапраўдныя фізічныя ўзоры, якія будуць рассылацца найперш у Еўрапейскую камісію, у Офіс камісара па ўнутраных справах і пасля будуць даводзіцца да саміх краінаў Еўрасаюза. Для таго, каб яны маглі абмеркаваць наш запыт на прызнанне гэтых дакументаў, якімі можна карыстацца для паездак і вырашэння іншых побытавых праблем, а таксама для пацверджання грамадзянства беларусаў. І ў тым ліку гэта было б адказам на тое, што рэжым будзе спрабаваць пазбавіць грамадзянства беларусаў, якія атрымалі яго па нараджэнні.
Цяпер мы якраз на гэтым этапе. Задача няпростая з улікам абмежаванасці рэсурсаў, але ў нас ужо ёсць распрацаваныя алгарытмы: як мы будзем дзейнічаць, што трэба зрабіць. Цяпер пытанне толькі ў тым, каб скончыць гэтую падрыхтоўку і перавесці яе на этап вытворчасці дакументаў.
— Як прасоўваюцца перамовы і ці шмат краінаў падтрымлівае праект?
— Ёсць разуменне таго, чаму мы займаемся гэтым праектам, чаму важна дасягнуць вынікаў, што гэты пашпарт вельмі і вельмі патрэбны людзям. У тым ліку тым беларусам, што жывуць у ЕС. І калі людзей будуць пазбаўляць грамадзянства, гэта стане праблемай краін, дзе яны цяпер знаходзяцца. І трэба будзе неяк дапамагаць людзям афармляць гэтыя дакументы, легалізавацца, каб абараніць іх правы.
Калі казаць пра графік таго, як гэта можа выглядаць, то мы гаворым пакуль пра месяцы, а не пра тыдні. Не магу назваць дакладнейшай даты таго, калі гэта можа атрымацца. Бо шмат што будзе залежаць і ад таго, як хутка мы скончым этап падрыхтоўкі да вырабу ўзору дакументаў, і ад нашых перамоваў з нацыянальнымі ўрадамі і Еўрапейскай камісіяй. Але тут адзначу, што прызнае дакументы не Брусэль, не Еўрапейская камісія — гэта адбываецца на нацыянальным узроўні, гэта юрысдыкцыя дзяржаваў. І тут у пэўны момант мы будзем звяртацца да беларусаў з прапановай падтрымаць гэты дакумент у краінах, дзе яны жывуць. Скажам, гэта можа быць Германія, Данія, Францыя — каб яны звярталіся да ўрадаў сваіх краін і прапаноўвалі падтрымаць гэтую ініцыятыву, прызнаць гэты дакумент. Беларускае грамадства можа адыграць сваю важную ролю, каб дамагчыся прызнання гэтага дакумента.
— Звычайна калі беларус трапляе ў надзвычайную сітуацыю за мяжой (прыроднае бедства, ДТЗ, турма ці банальна ў чалавека скралі дакументы), то ён можа звярнуцца ў беларускую амбасаду. Што будзе з уладальнікамі новага пашпарта? Да каго ім звяртацца?
— Гэта фактычна консульскія функцыі. На сёння ў нас няма такой службы. Мы спрабуем вырашаць праблемы ў індывідуальным парадку. Вядзём сістэмную працу з еўрапейскімі краінамі — Польшчай, Літвой, Чэхіяй і гэтак далей. Калі з’яўляліся такія праблемы, мы спрабавалі іх вырашаць, дзе гэта магчыма. Што да канкрэтных консульскіх паслугаў, то я думаю, што гэтую задачу мы будзем перад сабой ставіць, калі будуць выдавацца самі пашпарты. Будзем глядзець, дзе магчымыя партнёрскія адносіны з краінамі, у якіх ёсць дыпламатычная прысутнасць і магчымасць аказваць консульскую падтрымку грамадзянам Беларусі. То-бок гэта пытанне ўжо на будучыню. На сёння, паколькі мы не выдаём такіх дакументаў, трэба засяродзіцца на тым, каб дамагчыся іх вытворчасці. І самае галоўнае — прызнання іх тымі краінамі, дзе жывуць беларусы.
— Дзе будзе вытворчасць дакументаў і наколькі яны будуць абароненыя ад падробак?
— Калі казаць пра абароненасць самога дакумента, то там усё прадугледжана. І макет пашпарта мае адпаведныя ўласцівасці, якія абараняюць яго ад падробак. Што да вытворчасці, то ў нас ёсць дамоўленасці з патэнцыйнымі партнёрамі, якія будуць весці гэтую працу. Я б не хацеў раскрываць гэтыя звесткі, але магу запэўніць, што ўжо ёсць паразуменне з вытворцамі дакументаў, якія могуць узяць на сябе гэтую функцыю.
— Калі можна будзе ўбачыць, як выглядае новы пашпарт?
— Макет дакумента гатовы досыць даўно. Мы б хацелі, вядома, найперш прасунуцца ў змястоўнай частцы па прызнанні гэтага дакумента, па вырабе фізічных узораў. Калі будуць менавіта фізічныя ўзоры, я думаю, мы зможам іх прадставіць, паказаць, як яны выглядаюць. Але мы б хацелі трохі далей прайсці, каб гэта была не проста карцінка, не проста электронная копія. Так, яна адпавядае самым высокім міжнародным патрабаванням (пашпарт адпавядае патрабаванням Міжнароднай арганізацыі па грамадзянскіх аперацыях (ICAO). — Заўв. рэд.). Але разам з тым хацелася б, каб беларусы пабачылі праект на больш прасунутым этапе. (…) Вынік, я думаю, задаволіць вельмі многіх беларусаў. І з эстэтычнага боку, і з боку фукцыянальнасці.
— Ці шмат беларусаў чакае новага пашпарта? Звярталіся ўжо да вас?
— Вельмі шмат. Іх было шмат з 2020 года. Практычна адразу людзі пачалі сутыкацца з такой праблемай. Варта адзначыць, што сам праект пашпарта новай Беларусі нарадзіўся на запыт грамадства, тых людзей, што сутыкаюцца з гэтай праблемай, што не могуць памяняць дакументы. У гэтым сэнсе Святлана Ціханоўская і яе каманда кіраваліся запытам ад беларускай грамадскасці. І такіх запытаў было шмат. Мы чакаем, што іх будзе яшчэ больш — па меры таго як у людзей заканчваецца тэрмін дзеяння дакументаў, старонкі ў пашпартах, дакументы губляюцца ці пашкоджаныя нейкім чынам і патрабуюць замены. Сапраўды, сітуацыя вострая да сённяшняга дня. Яна будзе і далей абвастрацца. Нашая агульная рэкамендацыя беларусам — атрымліваць дакуметы ў краінах, дзе яны цяпер жывуць, каб не быць абмежаванымі ў правах. Прыйдзе час, будзе гатовы новы беларускі пашпарт, які мы зможам выдаваць такім людзям і шырэйшаму колу беларусаў. Вядома, мы не абмяжоўваем выдачу пашпартоў толькі тым, хто жыве за мяжой на сёння, але разумеем, што такі дакумент на руках у сённяшняй Беларусі можа ствараць павышаную рызыку.