Праект пра беларускія банкі і іх прадукты infobank.by абвясціў, што закрываецца. І вырашыў успомніць сваю гісторыю апошніх гадоў, каб было зразумела, як супрацоўнікі прыйшлі да такога рашэння. Публікуем тэкст без скарачэнняў.

Наш праект пачаў працаваць у далёкім 2007 годзе. Калі беларускія банкі яшчэ несур’ёзна ставіліся да інтэрнэту. За гэты час адбылося шмат падзей, але адна з самых лёсавызначальных здарылася ў 2020 годзе.
Да падзей 2020 года мы, як і многія беларусы, былі па-за палітыкай. Наогул мала звярталі ўвагі на палітычныя падзеі, не хадзілі на выбары, бо разумелі, што вынік ужо вядомы.
Жылі ў парадыгме — праца, сям’я, будаўніцтва дома і выхаванне дзяцей.
У працы стараліся быць карыснымі як для банкаў, так і для наведнікаў сайтаў. Пісалі карысныя матэрыялы, стваралі карысныя і зручныя калькулятары крэдытаў, укладаў, раздзел «курсы валют» і г. д.
Для беларускіх банкіраў праводзілі семінары і канферэнцыі, прывозілі цікавых спікераў — для таго, каб беларуская банкаўская сістэма пераймала найлепшыя фінансавыя практыкі.
Па меры сіл займаліся дабрачыннасцю, ездзілі ў дзіцячыя дамы.
Карацей, звычайнае жыццё.
Але ў 2020 годзе ўсё змянілася
Пачалося, вядома, з каранавіруса, які «ніхто не бачыў», а калі ўлады яго і заўважалі, то прапаноўвалі лячыцца трактарам, гарэлкай і іншымі прагрэсіўнымі лекамі.
Вясной 2020 года я перахварэў на каранавірус і на сваім досведзе пераканаўся, як дзяржаўная сістэма аховы здароўя «клапоціцца» пра людзей.
Вось так развеяліся рэшткі міфа, што дзяржава клапоціцца пра здароўе беларусаў.
Далей улады, каб яшчэ мацней праявіць клопат, схавалі статыстыку смяротнасці і давалі фальшывую статыстыку тых, хто захварэў на каранавірус.
Потым было рашэнне старшыні праўлення «Белгазпрамбанка», Віктара Бабарыкі, уключыцца ў перадвыбарчую гонку.
Як вы ўжо ведаеце, адразу пасля гэтага ў «Белгазпрамбанку» пачаліся праблемы, і неўзабаве Віктара Бабарыку разам з сынам затрымалі і пасадзілі ў турму. Гэта было пасля таго, як штаб Віктара Бабарыкі падаў дастатковую колькасць подпісаў для рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты.
На той час гэта была проста ўзрушальная падзея — усе бачылі, як улады нахабна і адкрыта прыбіраюць канкурэнтаў.
Цяпер ужо развеяліся рэшткі ўпэўненасці, што ўлады будуць выконваць законы.
Тых, хто пратэставаў супраць арышту Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, ужо пачала затрымліваць міліцыя.
Мы, як і многія беларусы, спадзяваліся на перамены і падтрымалі кандыдата ў прэзідэнты, якога ўсё ж удалося зарэгістраваць, — Святлану Ціханоўскую.
На нашым сайце былі размешчаныя рэкламныя банеры:
Нам за гэта ніхто не плаціў. Забягаючы наперад, скажам, што таксама ніхто не плаціў за тое, што мы ўдзельнічалі ў пратэсных маршах.
Потым былі выбары і дзікая хваля гвалту з боку ўладаў, людзей тысячамі садзілі ў турмы, многіх знявечылі, некаторых забілі.
Ніхто з забойцаў не панёс пакарання, больш за тое, улады нават ніякіх абвінавачанняў сілавікам не выставілі, а расказвалі чарговую хлусню пра амапаўцаў з паламанымі пазваночнікамі.
І вось тут ужо прыйшло поўнае прасвятленне, ведаеце, як у фільме «Матрыца», калі Нэа выбраў чырвоную таблетку.
Мы пачалі выразна ўсведамляць, што ўлады будуць рабіць усё, што захочуць, — парушаць законы, біць, калечыць, забіваць…
Пачаліся маршы пратэсту, і мы ў іх удзельнічалі, нас затрымлівалі, мы на свае вочы бачылі гэты бязмежны канвеер затрыманняў, афармленняў з ужо загадзя падрыхтаванымі пратаколамі, гэтыя суды па скайпе і г. д. і да т. п.
Таксама мы размяшчалі на нашым сайце банеры, якімі імкнуліся звярнуць увагу на праблему гвалту з боку сілавікоў.
З аднаго боку, мы працягвалі пісаць артыкулы, абнаўляць інфармацыю пра банкаўскія прадукты на сайце і г. д.
З іншага боку, мы стараліся, як маглі, паказаць уладам сваю нязгоду — пачынаючы ад развешвання БЧБ-стужак да ўдзелу ў нядзельных маршах. Наш сайт яшчэ да выбараў трапіў у чорны спіс дзяржаўных банкаў.
Адпаведна, паступленні ад рэкламы зменшыліся. Нам давялося скараціць штат супрацоўнікаў, адмовіцца ад офіса, каб хапала грошай на працяг працы праекта.
Але мы разумелі, што нельга нешта атрымаць, нічога не ўкладваючы і нічым не рызыкуючы. І ўсведамлялі, што можам страціць і бізнес, і свабоду.
Увосень 2020 года, калі быў абвешчаны страйк, мы ў ім паўдзельнічалі, размясцілі на сайце банер-застаўку, іншыя сэрвісы сайта ў гэты момант адключылі:
У страйку ўдзельнічала няшмат прадпрыемстваў, і мы зразумелі, што будзе далей — нягледзячы на акцыі пратэсту, якія працягваюцца, улады задушаць пратэст, а потым будуць «жэстачайшэ» помсціць.
Так і адбылося, ужо тры гады прайшло з тых падзей, але ў Беларусі дагэтуль пераследуюць «экстрэмістаў», якія маюць сваё меркаванне, адрознае ад меркавання ўладаў:
У найлепшых традыцыях прапаганды, усе затрыманыя — наркаманы, беспрацоўныя, крымінальнікі, педафілы або маюць разнастайныя недахопы. «Пакаяльныя» відэа сталі ўжо звыклай справай, бо «не да законаў».
Ну чаго вам расказваць — вы самі ведаеце.
Махавік рэпрэсій раскручваецца, улады зразумелі, што калі забойствы людзей ім сходзяць з рук, то гайкі можна заціскаць да бясконцасці.
Мы з’ехалі з краіны пасля разгрому TUT.BY, бо ўсё ўжо было зразумела з найбліжэйшай будучыняй Беларусі. Нічога добрага ні для нас, ні для нашых дзяцей у Беларусі пакуль не будзе.
У сакавіку 2022 года наш сайт быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, мы пісалі пра расійскі напад на Украіну.
Пасля гэтага на сайце не засталося ніводнага рэкламадаўца — і гэта лагічна. Мы яшчэ год з лішнім працавалі, бо знайшлі невялікае фінансаванне, якое дазваляла падтрымліваць на мінімальным узроўні працу праекта.
Але цяпер вырашылі закрыць гэты праект. І гэта не пытанне грошай. Насамрэч ёсць фонды і арганізацыі, якія падтрымліваюць незалежныя беларускія СМІ, можна было б працягваць працаваць у такім рэжыме.
Але не хочам. Зараз растлумачым чаму
Ведаеце, мы цяпер жывём у краіне, дзе людзі добрыя і заўсёды гатовыя дапамагчы. У дзяржаўных структурах цябе не адфутбольваюць праз адсутнасць нейкай даведкі, а таксама шчыра імкнуцца дапамагчы.
Дзецям у школе выдалі ноўтбукі, а падручнікі такія цікавыя, што сам іх чытаеш з задавальненнем.
Дзеці з ахвотай ходзяць у школу, а настаўнікі іх паважаюць і любяць. Тут няма абавязковага прызыву ў войска, і мы ведаем, што нашых дзяцей ніхто не адправіць на вайну.
Замежнікаў (дарослых і дзяцей) бясплатна вучаць дзяржаўнай мове на моўных курсах.
Паліцыю тут бачым раз на тыдзень. І гэтыя людзі не выклікаюць пачуцця страху, бо яны сапраўды дапамагаюць і абараняюць.
У гэтай краіне ёсць свабода, ладзіць страйкі могуць і настаўнікі ў школах, і работнікі транспарту, і нават паліцыянты — і за гэта ніхто не сядзе ў турму.
Наогул шмат яшчэ можна пісаць пра тое, як «страшнае капіталістычнае замежжа» аказалася ў разы чалавечнейшым і лепшым для жыцця, чым «сацыяльна арыентаваная Беларусь».
Дык вось, жывучы ў гэтай рэальнасці, але ведучы беларускі праект і чытаючы беларускія навіны, зноў прапускаеш гэта ўсё праз сябе, і гэта цяжка.
Гэта псіхалагічна цяжка, бо мы не разумеем, як можна пісаць пра рэкламныя акцыі банкаў, калі ў краіне саджаюць за фатаграфію з маршу пратэсту 2020 года на тры гады.
Як можна расказваць пра выгадныя крэдыты, калі за каментар супраць вайны людзей таксама саджаюць у турму на гады?
Як можна пісаць пра рэйтынгі ўкладаў, калі бачыш, як Беларусь усё больш і больш ператвараецца ў Паўночную Карэю?
Спадзяюся, цяпер зразумелыя прычыны закрыцця беларускага фінансавага праекта infobank.by. Мы заўсёды імкнуліся быць сумленнымі з нашымі чытачамі.
Чытайце таксама