На фоне ўсё большага дэфіцыту кадраў і хвалі міграцыі з Беларусі з палітычных і эканамічных прычын чыноўнікі раз-пораз падымаюць пытанне абвастрэння праблем на рынку працы. У Мінэканомікі, відаць, зразумелі, што рашэнне заключаецца ў вяртанні нашых суграмадзян у краіну — аднак пра прычыны адтоку кадраў у ведамстве маўчаць.
Намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч падчас круглага стала ў газеце «Рэспубліка» падняла пытанне абвастрэння дэфіцыту людзей на рынку працы. У прыватнасці, намесніца кіраўніка ведамства падкрэсліла, што ў першую чаргу Беларусі варта не прыцягваць замежных грамадзян у якасці працоўных рэсурсаў, а ўтрымліваць свае кадры. А яшчэ лепш — вяртаць суграмадзян, якія мігравалі. Аднак, мяркуючы з усяго, пакуль ніякіх дзеянняў для гэтага не робіцца, у тым ліку таму, што рашэнне праблемы не толькі не ў кампетэнцыі Мінэканомікі, яно ў прынцыпе ляжыць не ў эканамічнай плоскасці.
Са словаў чыноўніцы вынікае, што недахоп кадраў у Беларусі выкліканы тым, што краіны рэгіёна перавабліваюць да сябе не толькі тэхнічных спецыялістаў, даследчыкаў і навукоўцаў, але і кадры іншых кірункаў. У выніку на недахоп лінейнага персаналу цяпер цярпяць банкі і гандаль. У прыватнасці, актыўна да прыцягнення беларусаў звяртаюцца расійскія кампаніі, завабліваючы нашых суайчыннікаў вышэйшымі заробкамі, жыллём і іншымі прэферэнцыямі.
— Нашыя людзі адукаваныя, працавітыя, талерантныя, законапаслухмяныя і акуратныя. І нашыя еўрапейскія суседзі не асабліва хочуць бачыць у сябе гасцей з Афрыкі ці Блізкага Усходу, але шырока раскрываюць дзверы для беларусаў, — казала намесніца міністра эканомікі.
Прадстаўніца Мінэканомікі звярнула ўвагу на тое, што некаторыя краіны кампенсуюць недахоп нацыянальных працоўных рэсурсаў за кошт міграцыі. «Дастаткова распаўсюджаная стратэгія. Але неадназначная з пункту гледжання выніку», — цытуе намесніцу міністра дзяржгазета.
— З той простай прычыны, што для прарыўнога развіцця неабходныя кваліфікаваныя кадры. А іх, па вялікім рахунку, не хапае і ў большасці краін — патэнцыйных рэцыпіентаў. Таксама прысутнічаюць складанасці з адаптацыяй мігрантаў з далёкіх рэгіёнаў. Іх паўнавартасная інтэграцыя ў новае культурнае асяроддзе патрабуе і часавых, і фінансавых, і маральных намаганняў. І ад дзяржавы, і ад грамадства. Словам, працэс складаны.
Якая сітуацыя на рынку працы і што кажуць чыноўнікі
У Беларусі працягвае расці дэфіцыт работнікаў. З 2020 па 2023 год нашая краіна страціла 167,4 тысячы занятых у эканоміцы. На гэты працэс уплывае не толькі дэмаграфічная сітуацыя, але і хваля міграцыі, якая пачалася ў выніку рэпрэсій пасля выбараў 2020-га і ўзмацнілася пасля пачатку вайны ва Украіне.
Вырашыць праблему з недахопам работнікаў у Беларусі не ўдаецца ўжо не першы год. Сярод прычын — ад’езд спецыялістаў на працу за мяжу, а таксама звальненні за палітыку.
Раней, 9 красавіка, Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на дэфіцыт кадраў на заводах. Пры гэтым прамысловыя прадпрыемствы па-ранейшаму не хочуць браць на працу тых, хто засвяціўся па «палітычных» артыкулах.
А 5 траўня палітык заявіў, што ў Беларусі могуць увесці змены што да будаўніцтва новага жылля. На яго думку, трэба ўзводзіць нерухомасць там, дзе ёсць дэфіцыт работнікаў.
У Мінпрацы раней прызнавалі, што на рынку працы ўтварыўся дысбаланс попыту і прапановы.
Чытайце таксама