У Мінску адкрылі рэстаран, назва якога цалкам супадае з вядомай сеткай у Літве. Аднак літоўскія ўладальнікі заявілі, што не маюць дачынення да гэтай установы, і западозрылі беларусаў у крадзяжы таварнага знака. «Люстэрка» паглядзела, хто валодае гэтай мінскай рэстарацыяй.
Што адбылося?
У Мінску 7 снежня адкрыўся рэстаран Grill London. Яго назва і лагатып цалкам супадаюць з вядомай аднайменнай сеткай рэстаранаў у Літве.
Да таго ж ва ўстановы ідэнтычны з літоўскімі «братамі» інтэр'ер, вытрыманы ў цёмных тонах у стылі лофта, і падобная канцэпцыя кухні.
Пры гэтым уладальнікі сеткі Grill London у суседняй краіне заявілі, што не маюць дачынення да гэтай установы, а таксама абвінавацілі беларусаў у крадзяжы таварнага знака.
Адзін з акцыянераў Grill London Эймантас Навікаўскас падкрэсліў у размове з LRT, што кампанія не вядзе ніякай дзейнасці ў Беларусі. «Інфармацыю пра незаконнае выкарыстанне таварнага знака нашай сеткі рэстаранаў у Беларусі мы атрымалі некалькі дзён таму, усю наяўную інфармацыю па гэтай справе мы перадалі юрыстам», — паведаміў ён.
Хто валодае «двайніком» вядомай сеткі рэстаранаў?
Як высветліла «Люстэрка», валодае рэстаранам Grill London у Мінску кампанія «Мідпоінт Груп». Яна была заснавалая ў 2011 годзе і займалася аказаннем паслуг гатэлямі і аналагічнымі месцамі для пражывання з рэстаранамі. Раней фірма кіравала кавярняй «Пронта» на вуліцы Куйбышава ў Мінску. Цяпер яна закрытая.
Ёй таксама належыць рознічны аб’ект у гатэлі Crowne Plaza Minsk.
Уладальнікі фірмы — грамадзяне Турцыі Шэнцюрк Гюрсэл і Гёркем Серкан Арынч, вынікае са звестак Адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асоб. Абодва маюць роўныя долі з ліпеня 2023 года. Да гэтага сярод сузаснавальнікаў быў і іх суайчыннік Азер Агюн Ахмет.
Паводле звестак на 2022 год, Шэнцюрк Гюрсэл быў запісаны дырэктарам фірмы «Белпорт Нижние Жары». Ён жа валодаў турэцкай кампаніяй, у якой была доля ў гэтым амбіцыйным праекце. Гэтая кампанія мусіла пабудаваць у Гомельскай вобласці рачны порт. ДзяржСМІ называлі яго будучым «ключом для выхаду нашай краіны ў Чорнае мора», яго рэкламаваў сам Лукашэнка. Планавалася, што ён будзе пастаўляць па рацэ нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні. З пачаткам вайны ва Украіне праект па аднаўленні рачнога суднаходства цалкам спыніўся.
Гэтаму бізнесоўцу таксама належыць будаўнічая фірма «Отельстрой».
Другі суўладальнік, Гёркем Серкан Арынч, таксама значыцца як індывідуальны прадпрымальнік, які з 2017 года ў гэтым статусе займаецца праграмаваннем.
Чытайце таксама


