За 2024 год насельніцтва Беларусі скарацілася амаль на 47 тыс. чалавек. Гэта вынікае са звестак, апублікаваных Белстатам. Толькі ў Мінску за мінулы год колькасць насельніцтва вырасла.
Насельніцтва Беларусі на 1 студзеня, паводле афіцыйных звестак, склала 9 109 280. Гэта на 46 698 менш, чым год таму.
Для параўнання, за 2023 год краіна страціла амаль 45 тысяч жыхароў, а самае хуткае скарачэнне адзначаецца ў Віцебскай вобласці. У апошнія гады нашая краіна сутыкнулася з рэзкім спадам насельніцтва. Самы вялікі скачок быў у 2021 годзе, калі колькасць жыхароў зменшылася адразу на 94 тысячы чалавек.
Як у 2024 годзе змянілася насельніцтва па абласцях і ў сталіцы:
- Брэсцкая вобласць — мінус 8657 чалавек;
- Віцебская вобласць — мінус 9848 чалавек;
- Гомельская вобласць — мінус 10 644 чалавекі;
- Гродзенская вобласць — мінус 7676 чалавек;
- Мінская вобласць — мінус 3932 чалавекі;
- Магілёўская вобласць — мінус 9809 чалавек;
- Мінск — плюс 3868 чалавек.
За пяць гадоў (то-бок з 2020-га), паводле афіцыйных звестак, нашая краіна страціла 300 979 чалавек. А з 2000-га — 893 255.
Складанасці з падлікамі і альтэрнатыўныя звесткі па колькасці насельніцтва
Аднак афіцыйная статыстыка не ўлічвае вялікай колькасці людзей, што пакінулі краіну. Гэта звязана са складанасцямі ўліку тых, хто з’язджае.
Паводле некаторых звестак, з улікам вялікай хвалі міграцыі пасля 2020 года колькасць насельніцтва Беларусі ўжо можа быць ніжэйшая за 9 млн. Да такой высновы прыйшлі эксперты па пытаннях дэмаграфіі BEROC. Таксама такую выснову можна зрабіць зыходзячы са звестак непублічнага дакумента, які трапіў у распараджэнне аб’яднання былых сілавікоў BELPOL.
Паводле розных ацэнак, за апошнія гады Беларусь пакінулі сотні тысяч чалавек. МУС Беларусі заяўляла, што толькі ў 2021−2022 гадах з’ехала больш за 200 тысяч чалавек. У кастрычніку 2023 года намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацаніў агульную эміграцыю ў 350 тысяч. У іншых крыніцах фігуруюць ацэнкі ад 100 да 500 тысяч чалавек, што пакінулі краіну з 2020 года.
Тым не менш беларускія чыноўнікі настроеныя аптымістычна: яны спадзяюцца, што ў 2030 годзе колькасць насельніцтва Беларусі будзе складаць 9,1 млн чалавек.
Чытайце таксама