Суд Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці разгледзеў грамадзянскую справу на пазоў былой супрацоўніцы да будаўнічага прадпрыемства раёна. На ранейшым месцы ёй напісалі непахвальную характарыстыку, у ёй фігуравала і тое, што «былі выпадкі ігнаравання наведванняў мітынгаў у падтрымку дзейнага дзяржаўнага рэжыму». Жанчына звярнулася ў суд, а якое рашэнне ён прыняў, «Люстэрка» даведалася з банка судовых рашэнняў.
Пазоў падала грамадзянка Святлана Шапавалава (імя змененае) наконт абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Яна расказала, што працавала бухгалтаркай у будаўнічай арганізацыі, потым — дзевяць гадоў намесніцай галоўнага бухгалтара. У 2022 годзе яна звольнілася з уласнага жадання, у сувязі са зменай месца жыхарства. Шукаючы новай працы, у снежні таго ж года яна звярнулася ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах наконт працаўладкавання. У адказ на запыт інспекцыі будаўнічая арганізацыя дала характарыстыку, якая змяшчае, на думку Шапавалавай, недакладныя і ганебныя для яе звесткі.
У лютым 2023 года яна скіравала прэтэнзію на ранейшае месца працы з патрабаваннем выключыць з характарыстыкі недакладную інфармацыю. Нягледзячы на частковае задавальненне патрабаванняў, у новай рэдакцыі характарыстыкі засталіся фразы, якія, як сцвярджала Шапавалава, зневажаюць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Якія гэта былі звесткі
- «Займаючы пасаду намесніцы галоўнага бухгалтара, выконвала свае абавязкі не ў поўную меру сваіх сіл, мела патрэбу ў пастаянным кантролі, была неініцыятыўная і не гатовая адстойваць інтарэсы калектыву. Не ўмела працаваць у рэжыме шматзадачнасці». Шапавалава палічыла інфармацыю ў сцверджанні недакладнай, бо была павышаная на пасадзе, рэгулярна павышала кваліфікацыю і атрымлівала падзякі за добрасумленную працу. Акрамя таго, ёй прызначаліся даплаты за складанасць і сумяшчэнне абавязкаў.
- «Баялася прымаць самастойныя рашэнні». Жанчына абвергла гэты тэзіс, прывёўшы ў якасці прыкладу сваю працу ў якасці скарбніка прафсаюза, а таксама адсутнасць дысцыплінарных спагнанняў.
- «Каб пазбегнуць ускладання на яе абавязкаў галоўнага бухгалтара, які звольніўся, увяла ў зман кіраўніка прадпрыемства наконт прычыны свайго найхутчэйшага звальнення». Беларуска адзначыла, што заява на звальненне была напісаная да загаду пра ўскладанне на яе абавязкаў, і яна добрасумленна выконвала функцыі галоўнага бухгалтара аж да звальнення.
- «…Былі выпадкі ігнаравання наведванняў сходаў (мітынгаў) у падтрымку дзейнага дзяржаўнага рэжыму». На гэта Шапавалава адзначыла, што актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці прадпрыемства, а сцвержанне супярэчыць іншым пунктам характарыстыкі, дзе гаворыцца пра адсутнасць антыдзяржаўных праяваў.
Жанчына запатрабавала прызнаць названыя фразы недакладнымі і ганебнымі для яе, абавязаць будаўнічую арганізацыю ўнесці змены ў характарыстыку, адклікаць яе з падатковай інспекцыі і даслаць выпраўлены дакумент. Таксама яна запатрабавала спагнаць з адказчыкаў судовыя выдаткі.
Што вырашыў суд
Прадстаўнікі будаўнічай арганізацыі пазову не прызналі, сцвярджаючы, што характарыстыка грунтуецца на рэальнай інфармацыі наконт працоўнай дзейнасці Шапавалавай і змяшчае асабістую ацэнку яе прафесійных якасцяў. Некаторыя сцверджанні, на іх думку, — гэта суб’ектыўныя меркаванні і не падлягаюць праверцы на дакладнасць.
Суд з гэтым не пагадзіўся. Ён даследаваў доказы, заслухаў сведак, вывучыў дакументы і відэаматэрыялы. Было выяўлена, што Шапавалава сапраўды выконвала абавязкі намесніцы галоўнага бухгалтара і часова адсутнага галоўнага бухгалтара.
Акрамя таго, у характарыстыцы былі сцверджанні, якія супярэчаць фактам: пераводы на вышэйшыя пасады, адсутнасць дысцыплінарных спагнанняў і ўдзел у грамадскіх мерапрыемствах.
Суд адзначыў, што, згодна з заканадаўствам, суб’ектыўныя меркаванні ў характарыстыцы не павінныя ганіць гонар і годнасць работніка. Было выяўлена, што некаторыя фармулёўкі выходзяць за межы аб’ектыўнай ацэнкі і ганьбяць дзелавую рэпутацыю беларускі.
Суд пастанавіў прызнаць недакладнымі і ганебнымі для гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Шапавалавай наступныя фразы з характарыстыкі:
-
«Займаючы пасаду намесніцы галоўнага бухгалтара, выконвала свае абавязкі не ў поўную меру сваіх сіл, мела патрэбу ў пастаянным кантролі, была неініцыятыўная і не гатовая адстойваць інтарэсы калектыву. Не ўмела працаваць у рэжыме шматзадачнасці»;
-
«Баялася прымаць самастойныя рашэнні»;
-
«Каб пазбегнуць ускладання на яе абавязкаў галоўнага бухгалтара, які звольніўся, увяла ў зман кіраўніка прадпрыемства наконт прычыны свайго найхутчэйшага звальнення»;
-
«Былі выпадкі ігнаравання наведванняў сходаў (мітынгаў) у падтрымку дзейнага дзяржаўнага рэжыму».
Ён абавязаў начальніка арганізацыі выключыць названыя фразы з характарыстыкі, даслаць выпраўленую версію ў падатковую інспекцыю і адклікаць папярэднюю характарыстыку. Таксама суд пастанавіў спагнаць з адказчыкаў судовыя выдаткі на суму 864 рублі 34 капейкі.