У Мінабароны Расіі заявілі, што на Бахмуцкім напрамку «ў выніку наступальных дзеянняў падраздзяленняў Паветрана-дэсантных войскаў заняты больш выгадны рубеж абароны». Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі на Бахмуцкім напрамку зноў спрабавалі весці наступ у раёне Іванаўскага. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі, чым адказвае войска РФ на ўкраінскія лакальныя контратакі пад Бахмутам.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 448-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка
«Паводле ўдакладненай інфармацыі, за мінулыя суткі праціўнік нанёс 31 ракетны ўдар, у прыватнасці, дзвюма ракетамі з С-300 па цывільнай інфраструктуры Канстанцінаўкі Данецкай вобласці і дзвюма ракетамі „Калібр“ — па цывільнай інфраструктуры Мікалаева», — паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
Акрамя таго, расійскія войскі нанеслі 57 авіяцыйных удараў і правялі 96 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Для ракетных удараў выкарыстоўвалі шэсць аэрабалістычных ракет «Кінжал», 13 крылатых ракет «Калібр» (дзве ракеты выбухнулі ў паветры) і дзесяць ракет наземнага базавання (С-400, «Іскандэр-М»), 25 з іх былі знішчаныя ўкраінскімі абаронцамі.
У выніку абстрэлаў у населеных пунктах Двурэчная, Ваўчанск і Цішчанкоўка Харкаўскай вобласці загінулі і пацярпелі мірныя людзі, знішчаныя жылыя дамы, бальніца і іншая цывільная інфраструктура.
— Расійскія войскі працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — за мінулыя суткі тут было 55 баявых сутыкненняў. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках з мінамётаў і артылерыі расійскія войскі абстралялі 23 населеныя пункты Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Масютоўкі Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскага і Стальмахоўкі на Луганшчыне. Нанёс авіяўдары па раёнах пяці населеных пунктаў Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся 13 населеных пунктаў Харкаўскай і Луганскай абласцей.
— На Ліманскім напрамку цягам сутак расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні ў раёне Белагораўкі Луганскай вобласці. Нанеслі авіяўдары паблізу чатырох населеных пунктаў, з артылерыі абстралялі шэсць населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку працягваюцца цяжкія баі за Бахмут. Таксама расійскія сілы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў кірунку Іванаўскага. Нанеслі авіяўдары па раёнах чатырох населеных пунктаў, абстралялі — восем.
— На Аўдзееўскім напрамку праціўнік працягвае знішчаць інфраструктуру населеных пунктаў. Нанёс авіяцыйныя ўдары па Аўдзееўцы і Вадзяному, абстраляў яшчэ сем населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку падраздзяленні Сіл абароны адбілі шматлікія атакі расіян у раёне горада Мар'інка. Праціўнік нанёс авіяўдар у раёне Краснагораўкі. Варожым абстрэлам падвергліся чатыры населеныя пункты Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку цягам сутак расійскія войскі нанеслі авіяўдары па раёнах двух населеных пунктаў, абстралялі з артылерыі — пяць.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія сілы абараняюцца. Авіяўдары нанеслі па шасці населеных пунктах, абстралялі 13 населеных пунктаў, у тым ліку Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны нанесла 14 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі, а таксама чатыры — па зенітна-ракетных комплексах праціўніка.
— За мінулыя суткі знішчаныя дзесяць ударных і шэсць разведвальных БПЛА.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі цягам сутак нанеслі ўдары па шасці раёнах канцэнтрацыі жывой сілы, трох станцыях радыёэлектроннай барацьбы, чатырох складах боепрыпасаў праціўніка і пункце гаруча-змазачных матэрыялаў расійскіх сіл.
У Генштабе таксама заявілі, што расійскія войскі працягваюць выкарыстоўваць для свайго прыкрыцця цывільных. Так, у захопленым пасёлку Юр’еўка ў Запарожскай вобласці ў будынку дзіцячага садка размясцілі асабовы склад. У той жа час на тэрыторыі дзіцячага садка пражываюць цывільныя асобы, вывезеныя з набліжаных да лініі баявога сутыкнення населеных пунктаў.
Мінабароны Расіі: Нанеслі ўдар па пункце кіравання тактычнай групы «Гром»
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што мінулай ноччу нанеслі ўдар «высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці марскога базавання па буйным складзе боепрыпасаў, абсталяваным на тэрыторыі суднарамонтнага прадпрыемства ў горадзе Мікалаеў». «Прызначаны аб’ект быў пабіты», — зрабілі справаздачу ў ведамстве.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя жывая сіла і тэхніка праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае Луганскай вобласці, Альшана, Петрапаўлаўка і Масютоўка Харкаўскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Цімкаўка Харкаўскай вобласці, Розаўка, Стальмахоўка і Навасёлаўскае Луганскай вобласці спыненыя дзеянні шасці ўкраінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
За суткі страты УСУ склалі да 115 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, сем аўтамабіляў, а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыяй, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва Луганскай і Грыгораўка Данецкай абласцей. У раёне населенага пункта Чырвонапапоўка Луганскай вобласці адбітыя дзве атакі штурмавых груп УСУ пры падтрымцы двух танкаў. Знішчаныя звыш 30 украінскіх вайскоўцаў і адзін танк.
Усяго на Чырвона-Ліманскім напрамку за суткі знішчаныя звыш 70 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, два бронетранспарцёры, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя» і гаўбіца Д-30.
— На Данецкім напрамку штурмавыя атрады працягвалі весці баі за авалоданне заходнімі кварталамі горада Бахмут. Падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў стрымлівалі ўкраінскія сілы на флангах штурмавых атрадаў. Самая складаная абстаноўка складвалася ў раёнах населеных пунктаў Краснае (Іванаўскае) і Багданаўка Данецкай вобласці, дзе расійскія войскі адбілі сем атак УСУ. У выніку наступальных дзеянняў падраздзяленняў Паветрана-дэсантных войскаў заняты больш выгадны рубеж абароны.
Агульныя страты УСУ на Данецкім напрамку склалі да 360 вайскоўцаў і добраахвотнікаў, чатыры бронетранспарцёры, пяць баявых браніраваных машын, два аўтамабілі, гаўбіца L-119 вытворчасці Вялікабрытаніі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік». Акрамя таго, у раёне населенага пункта Аўдзееўка Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 110-й механізаванай брыгады УСУ. У раёне населенага пункта Ступачкі — радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Паўлаўка, Шаўчэнка, Чырвонае, Вялікая Навасёлка Данецкай вобласці, Новаданілаўка і Малая Такмачка Запарожскай вобласці. За суткі на гэтых напрамках страты УСУ склалі да 150 вайскоўцаў, два бронеаўтамабілі, шэсць аўтамабіляў, а таксама гаўбіца Д-30.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння страты УСУ склалі да 40 вайскоўцаў, два бронеаўтамабілі, тры аўтамабілі, дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гваздзік», а таксама гаўбіца «Мста-Б».
Усяго за суткі, паводдле МА РФ, пабітыя 83 артылерыйскія падраздзяленні, жывая сіла і ваенная тэхніка УСУ ў 112 раёнах. У раёне горада Херсон пабіты пункт кіравання тактычнай групы «Гром» УСУ. У раёне населенага пункта Праабражэнка Запарожскай вобласці пабіты пункт кіравання падраздзяленняў 44-й артылерыйскай брыгады УСУ. У раёне вострава Вялікі Херсонскай вобласці пабіты назіральны пункт Сіл спецыяльных аперацый УСУ.
Перахопленыя дзевяць рэактыўных снарадаў сістэм залпавага агню HIMARS, знішчаныя 19 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: расіяне панікуюць наконт захавання сваіх пазіцый на ўсходнім (левым) беразе Дняпра
Расійскія войскі, імаверна, спрабуюць узмацніць свае тактычныя наступальныя дзеянні ў раёне Бахмута, у той час як Украіна відавочна засяродзілася на правядзенні лакальных контратак, адзначаюць эксперты амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW) у свежай зводцы.
Кіраўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін заявіў 16 траўня, што расійскія сілы ўзмацнілі сваю прысутнасць у раёне Бахмута для стабілізацыі сітуацыі, а адзін з расійскіх «ваенкараў» заявіў, што на флангі вакол Бахмута перакінутыя чатыры батальёны, каб перадухіліць прарывы. Гэтыя заявы адпавядаюць словам намесніцы міністра абароны Украіны Ганны Маляр ад 15 траўня пра тое, што расіяне разгортваюць дадатковыя паветрана-дэсантныя сілы для абароны флангаў Бахмута, перакінутыя, як мяркуецца, з іншых участкаў фронту. Афіцыйны прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў Украіны палкоўнік Сяргей Чараваты, пацвердзіў, што асноўная мэта ўкраінскай абарончай аперацыі ў раёне Бахмута — знясіленне расійскіх сіл. ISW геалакаваў кадры, апублікаваныя 16 траўня, якія дазваляюць дапусціць, што ўкраінскія сілы нядаўна дамагліся абмежаваных поспехаў у самім горадзе, а таксама на ўсход ад Арэхава-Васільеўкі (11 км на паўночны захад ад Бахмута).
Звесткі пра прыбыццё падмацавання ў раён Бахмута сведчаць, што расійскія войскі працягваюць канцэнтраваць наступальныя сілы менавіта там — нават нягледзячы на зробленыя раней заявы, што Расія змяніла прыярытэты і засяродзілася на падрыхтоўцы да патэнцыйных украінскіх контрнаступленняў. Вядома, што расійскія войскі нядаўна перакінулі падраздзяленні 6-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі ў адзін з раёнаў на поўнач ад Бахмута. Імаверна, гэтыя сілы былі пераведзеныя з пазіцый уздоўж лініі Сватава — Купянск, кажуць эксперты.
Перакідванне падмацавання сведчыць пра заклапочанасць Расіі што да стабільнасці лініі фронту ў гэтым раёне. Падмацаванні таксама, імаверна, прызначаныя для таго, каб дапамагчы ПВК Вагнера хутка захапіць астатнюю частку Бахмута і прадставіць расійскую тактычную перамогу перад магчымымі няўдачамі падчас украінскай контрнаступальнай аперацыі.
Расія і Іран працягваюць умацоўваць двухбаковае ваенна-эканамічнае супрацоўніцтва. IRNA 16 траўня паведаміла, што амбасадар Ірана ў Расіі Казем Джалалі абвясціў пра падпісанне Расіяй і Іранам пагаднення пра будаўніцтва чыгуначнай лініі Рэшт — Астара працягласцю 162 км. Яно будзе спрыяць завяршэнню праекта іранскага транспартнага калідора Поўнач — Поўдзень, які злучыць дзейныя чыгункі Расіі, Азербайджана і Ірана, стварыўшы злучэнне паміж Санкт-Пецярбургам і Персідскім залівам.
Да завяршэння будаўніцтва гэтага сектара Іран імкнуўся даўно з мэтай умацавання ўнутранай эканомікі і ўхілення ад санкцый. І Расія, і Іран робяць дадатковыя крокі для далейшага развіцця двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва. Белы дом паведаміў 15 траўня, што Расія імкнецца закупіць дадатковыя беспілотнікі ў Іране. 13 траўня іранскія СМІ таксама паведамілі, што на наступным тыдні Іран атрымае першую партыю расійскіх шматмэтавых знішчальнікаў Су-35. Масква, хутчэй за ўсё, працягне рэалізацыю ўзаемавыгадных ваенна-эканамічных праграм, каб забяспечыць пастаянную матэрыяльную падтрымку Іранам яе аперацый ва Украіне, кажуць у ISW.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- паведамляецца, што войска РФ перакідвае дадатковыя сілы і тэхніку з Беларусі для ўзмацнення сваіх пазіцый у Луганскай вобласці;
- расійскія войскі працягвалі беспаспяховыя наступальныя дзеянні на мяжы Купянск — Сватава — Крамянная;
- па стане на 16 траўня расійскія войскі дамагліся нязначных поспехаў у Бахмуце і працягвалі абмежаваныя наземныя атакі ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк;
- расійскія сілы працягваюць панікаваць наконт захавання сваіх пазіцый на ўсходнім (левым) беразе ў Херсонскай вобласці напярэдадні чаканага ўкраінскага контрнаступлення;
- Крэмль працягвае прымаць законы, якія даюць ільготы ўдзельнікам вайны і іх сем’ям, каб стымуляваць набор на вайсковую службу;
- расійскія ўлады працягваюць рабіць намаганні для эканамічнага падпарадкавання акупаваных тэрыторый Украіны эканоміцы Расіі.