У Сенат ЗША ўнеслі рэзалюцыю з заклікам прыраўняць магчымае выкарыстанне Расіяй ці Беларуссю ядзернай зброі ва Украіне да нападу на NATO. Пра гэта заявіў адзін з аўтараў дакумента, кангрэсмен Ліндсі Грэм на прэс-канферэнцыі, трансляцыю якогай вёў тэлеканал C-SPAN.
Паводле рэзалюцыі, якую зарэгістравалі ў Сенаце рэспубліканец Ліндсі Грэм і дэмакрат Рычард Блюменталь, у выпадку, калі Беларусь ці Расія выкарыстаюць ядзерную зброю ва Украіне, краіны NATO павінныя разглядаць гэта як напад на альянс.
Адной з прычын унясення рэзалюцыі стала анансаванае Расіяй размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) на тэрыторыі Беларусі. У дакуменце падкрэсліваецца, што гэта першы з часоў распаду СССР выпадак разгортвання расійскіх ядзерных боегаловак за межамі РФ.
«Калі Расія ці Беларусь падарвуць ядзернае прыстасаванне ва Украіне, каб спыніць контрнаступленне або зламаць волю ўкраінскага народа, такая атака мусіць быць расцэненая як атака на NATO», — заявіў Ліндсі Грэм.
Да нападу на NATO таксама прапануецца прыраўняць дзеянні Расіі ці Беларусі, якія здольныя прывесці да радыеактыўнага забруджання тэрыторыі чальцоў альянсу. Гаворка ідзе пра ўдар па ядзерных аб’ектах — напрыклад такіх, як Запарожская АЭС.
Ва ўсіх гэтых выпадках Грэм паабяцаў «сур'ёзную рэакцыю» з боку NATO. У прыватнасці, можа быць задзейнічаны артыкул 5 Паўночнаатлантычнай дамовы, у адпаведнасці з якім ўзброены напад на адну або некалькі краін NATO разглядаецца як напад на ўвесь блок, а іншыя чальцы павінныя аказаць пацярпеламу боку дапамогу, у тым ліку вайсковую.
Паводле Грэма, прыняцце рэзалюцыі стане для Расіі сігналам, што выкарыстанне ядзернай зброі «прывядзе да стану вайны з NATO», пры гэтым расійскія войскі рызыкуюць быць «цалкам знішчаныя».
Акрамя таго, у рэзалюцыі прапануецца прыйсці да пагаднення наконт таго, што размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі «ўяўляе пагрозу для Украіны і дзяржаваў — чальцоў NATO», пра гэта Грэм напісаў у Twitter.
Унясенне рэзалюцыі пракаментавала амбасада Расіі ў ЗША. Там заявілі, што гэта «чарговая вар’яцкая ініцыятыва амерыканскіх сенатараў-русафобаў», а яе аўтары вядуць лінію «на прамы глабальны канфлікт паміж Расіяй і краінамі NATO на чале з ЗША».
Амбасадар РФ у ЗША Анатоль Антонаў заявіў, што Расія размяшчае ТЯЗ у Беларусі «на законных падставах», не парушыўшы «ніводнага міжнароднага абавязання».
— Зрабілі роўна тое, што робяць амерыканцы цягам дзесяцігоддзяў, размяшчаючы ядзерныя бомбы на тэрыторыях еўрапейскіх саюзнікаў, — сказаў ён.
Нагадаем, 25 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сказаў, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра што «даўно прасіў» Аляксандр Лукашэнка. Паводле словаў прэзідэнта Расіі, будаўніцтва спецыяльнага сховішча для гэтых узбраенняў скончыцца да 1 ліпеня 2023 года.
16 чэрвеня Пуцін заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо перамешчаныя ў Беларусь, а астатнія будуць дастаўленыя «да канца лета». У МЗС Расіі паведамілі, што тактычная ядзерная зброя будзе знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны бестэрмінова. Яе гатовыя прыбраць адтуль пры ўмове «поўнага вываду ўсёй амерыканскай ядзернай зброі на тэрыторыю ЗША з ліквідацыяй адпаведнай інфраструктуры ў Еўропе».
Небяспечная абстаноўка таксама адзначаецца на Запарожскай АЭС, якая кантралюецца расійскай арміяй. Пасля падрыву дамбы і разбурэння Кахоўскай ГЭС яна можа застацца без вады, неабходнай для падсілкоўвання кандэнсатараў турбін і сістэм бяспекі станцыі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама нядаўна апублікаваў відэа, у якім паведаміў, што Расія рыхтуе тэракт на станцыі.