Расіяне актывізаваліся на Харкаўскім кірунку. З ночы працягваецца масіраваны абстрэл памежных тэрыторый. Расійскія войскі спрабуюць заходзіць і замацоўвацца ў шэрагу населеных пунктаў уздоўж мяжы, паведамляе ўкраінскі OSINT-праект DeepState.
Расследавальнікі паведамляюць, што актывізацыя пачалася са шчыльных абстрэлаў рознымі сродкамі агнявога паражэння памежных населеных пунктаў Харкаўшчыны, у прыватнасці, у раёне горада Ваўчанска. Таксама актыўна выкарыстоўваюцца сістэмы РЭБ і БПЛА.
«Праціўнік спрабуе заходзіць і замацоўвацца ў шэрагу населеных пунктаў уздоўж мяжы, у прыватнасці, у вёсках Стралечча, Краснае, Пыльная, Барысаўка. Таксама робяцца спробы заходу ворага ў населеныя пункты Гацішча і Плецянёўка», — паведамляе DeepState.
Адзначаецца, што прарываецца пяхота пры падтрымцы невялікай колькасці тэхнікі. Далей за названыя населеныя пункты рухацца яны не наважваюцца, магчыма, чакаючы задзейнічання асноўных сіл.
У DeepState лічаць, што задзейнічаных расіянамі рэсурсаў не хопіць для прасоўвання ўглыб украінскай тэрыторыі.
Цяпер сітуацыя выглядае так, нібы праціўнік хоча дэстабілізаваць сітуацыю ў прыгранічных раёнах. Аднак невядома, колькі асноўных сіл ён гатовы задзейнічаць для гэтага манеўру, падкрэсліваюць расследавальнікі.
Спрабуюць прарваць абарону
У Міністэрстве абароны Украіны заявілі, што прыкладна каля пяці раніцы праціўнік пад прыкрыццём бранятэхнікі спрабаваў прарваць абарону УСУ на Ваўчанскім кірунку.
«Станам на гэты момант атакі адбітыя, працягваюцца баі рознай інтэнсіўнасці. Для ўзмацнення абароны на гэтым участку фронту скіраваныя рэзервовыя падраздзяленні. Узброеныя сілы Украіны працягваюць стрымліваць наступ непрыяцеля», — заявіла прэс-служба ведамства.
Як паведаміў кіраўнік Ваўчанскай вайсковай адміністрацыі Тамаз Гамбарашвілі, з горада праводзіцца эвакуацыя.
«Перасячэння мяжы няма (расіянамі)… займаемся эвакуацыяй. Дзяцей у горадзе не засталося», — паведаміў Гамбарашвілі.
Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў упэўнены, што пагрозы для Харкава цяпер няма.
«Групоўка праціўніка не ўяўляе пагрозы Харкаву, яго сіл хапае толькі для правакацый на паўночным кірунку», — напісаў Сінягубаў у сваім тэлеграм-канале. Ён таксама заклікаў грамадзян эвакуявацца з небяспечных тэрыторый, апублікаваўшы тэлефон гарачай лініі.
Ці пойдзе Расія на Харкаў
Нагадаем, размовы пра тое, што Расія зноў паспрабуе ўзяць Харкаў, ідуць ужо некалькі месяцаў. Пра магчымую падрыхтоўку наступу на горад у канцы сакавіка паведаміла «Медуза» са спасылкай на свае крыніцы. Паводле іх, высокапастаўленыя расійскія сілавікі ўпэўненыя, што армія здольная ўзяць Харкаў, пасля чаго можна будзе «паступова заканчваць» «СВА». Незалежнае расійскае выданне «Вёрстка» пісала, што з гэтай мэтай у РФ могуць правесці дадатковую мабілізацыю.
Між тым ваенныя эксперты лічаць, што ў расійскай арміі няма неабходных для захопу горада-мільённіка сіл. На іх думку, такім чынам Крэмль, імаверна, спрабуе пасеяць паніку сярод украінцаў, а таксама прымусіць УСУ перакідваць сілы і тым самым аслабіць іншыя ўчасткі фронту.
Украінскія афіцыйныя асобы інфармацыю пра тое, што войска РФ зноў пойдзе на штурм Харкава, таксама лічаць часткай расійскіх ІПСА (псіхалагічнае ўздзеянне на сілы праціўніка і насельніцтва з мэтай дэмаралізаваць і прымусіць спыніць супраціў. — Заўв. рэд.).
Чытайце таксама


