У Расіі затрыманыя двое мужчын, датычныя да забойства генерал-лейтэнанта Ігара Кірылава і яго ад’ютанта. Пра гэта спачатку паведаміў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал 112, а потым выданні «КоммерсантЪ» і «РБК».
Выданне сцвярджае, што фігурантаў затрымалі 17 снежня. Яны ўжо далі паказанні і расказалі следчым пра арганізатараў забойства, піша 112.
Суразмоўца «Коммерстанта» адзначыў, што след падазраваных узялі з месца злачынства, дзе камеры назірання зафіксавалі пару падазроных машын. Паводле інфармацыі выдання, «арганізатары выйшлі на мужчын праз мэсэнджары і далі ім кантакты сувязнога з СБУ».
Афіцыйныя крыніцы ў Расіі інфармацыю пра затрыманне фігурантаў пакуль не пацвердзілі. Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца.
Нагадаем, раніцай 17 снежня ў Маскве ў выніку скіраванага выбуху быў забіты начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Узброеных сіл РФ Ігар Кірылаў. Разам з ім загінуў і яго памочнік. Крыніцы Бі-бі-сі ва ўкраінскай Службе бяспекі заявілі, што падрыў быў яе спецаперацыяй і што СБУ лічыць Кірылава «ваенным злачынцам і абсалютна законнай мэтай». Следчы камітэт РФ назваў тое, што адбылося, тэрактам, а расійскія чыноўнікі пачалі казаць пра «незаменную страту».