Праўладная актывістка Вольга Бондарава выбрала новую ахвяру — паэтку Ларысу Геніюш. Расказваем пра гэтую жанчыну і яе лёс
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Гродзенка Вольга Бондарава, што стала адной з самых вядомых даносчыц краіны, заклікае знесці помнік паэтцы Ларысе Геніюш у гарадскім пасёлку Зэльва. Мяркуючы з адказаў уладаў, якія публікуе праўладная актывістка, чыноўнікі ўжо заняліся гэтым пытаннем. Але ёсць нюанс: гэты бюст усталяваны на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы, а яго з’яўленне блаславіў мітрапаліт Філарэт, якога Лукашэнка лічыць сваім духоўным настаўнікам. Расказваем пра біяграфію і творчасць вядомай паэткі, а таксама пра тое, чым яна не дагадзіла прапагандыстам.

Навучанне ў Польшчы і жыццё ў Празе

Ларыса Міклашэвіч (гэта дзявочае прозвішча Геніюш) нарадзілася ў 1910-м у сям'і заможнага селяніна на Гродзеншчыне, недалёка ад горада Ваўкавыска. Яе дзяцінства прыпала на Першую сусветную вайну: нямецкую, савецкую, польскую і зноў савецкую акупацыі. Калі будучай паэтцы было 11 гадоў, Масква і Варшава падзялілі Беларусь. Заходняя частка нашай краіны ўвайшла ў склад Польшчы.

Варшава праводзіла паланізатарскую палітыку і не дазваляла адкрываць беларускія школы. Таму ў 1928-м Ларыса скончыла ў Ваўкавыску польскую.

Праз сем гадоў яна выйшла замуж за Янку Геніюша і ў 1937-м пераехала да яго ў Прагу, дзе муж давучваўся на доктара. Такім чынам дзяўчына шчасліва пазбегла рэпрэсій: праз два гады пачалася Другая сусветная вайна, на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўвайшла Чырвоная армія. Бацьку паэткі расстралялі, маці і дзвюх сясцёр дэпартавалі ў Казахстан, дзе яны пасля памерлі.

Гэтыя абставіны моцна паўплывалі на Ларысу. Як адзначаў прафесар Аляксей Пяткевіч, «такі маральны ўдар выведзе з раўнавагі практычна любога. А для яе гэта быў штуршок, каб выказацца, і яна стала пісаць. Калі нешта мучыць, баліць, калі нешта вельмі любіш, толькі тады чалавек можа завалодаць словам і стаць цікавым для іншых».

Нягледзячы на навучанне ў польскай школе, Геніюш захавала ўсведамленне сябе як беларускі. Вось вытрымка з аднаго з яе пазнейшых вершаў:


Размаўляць па-беларуску — модна.

Мовы маці, кажуць, не забыць.

Для мяне ж гэта не модна — толькі родна.

Гэта так, як піць, як есць, як жыць.


Першыя публікацыі Ларысы, якая з дзяцінства цікавілася літаратурай, датаваныя 1939-м. А праз два гады яе разам з мужам выкарысталі ў палітычнай барацьбе. Аўтарам інтрыгі стаў палітык Іван Ермачэнка. Як пісала Геніюш у мемуарах «Споведзь», у пачатку 1920-х ён быў консулам Беларускай Народнай Рэспублікі ў Стамбуле і «выдатна разбагацеў там, прадаючы беларускія візы эмігрантам, якія ратаваліся ўцёкамі за граніцу» (мяркуючы з усяго, гаворка пра пашпарты БНР, якія прызнаваліся на Захадзе. — Заўв. рэд.).

Лариса Гениюш - ученица Волковысской гимназии. 1928 год. Фото: rv-blr.com, commons.wikimedia.org
Ларыса Геніюш — вучаніца Ваўкавыскай гімназіі. 1928 г. Фота: rv-blr.com, commons.wikimedia.org

Ермачэнка разам з тагачасным прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі (у выгнанні) Васілём Захаркам тады арыентаваліся на немцаў у сваіх спробах аднавіць беларускую дзяржаўнасць. У 1941-м яны стварылі Беларускі камітэт самапомачы, які мусіў займацца аховай здароўя і сацыяльнымі пытаннямі. У красавіку аддзяленне такога камітэта з’явілася і ў Празе.

22 чэрвеня 1941 года Германія напала на Савецкі Саюз, а праз пяць дзён Ермачэнка склікаў пазачарговае паседжанне Камітэта самапомачы. Вось як пра яго ўспамінала ў «Споведзі» Геніюш (цытуем тут і далей паводле арыгіналу):

«Усе важна паселі, маўчалі, адчувалася нейкае напружаньне, неспакой, кожны думаў аб лёсе сваіх, дый аб сваім. Ермачэнкі не было. Нарэшце ён выйшаў, з усьмехам, але скрыўленым нейкім, няпэўным. Загадаў выбраць старшыню сходу. Яму зацемілі, што ён жа сам заўсёды нязьменны старшыня сходу, але ён адказаў, што на гэты раз старшыня арганізацыі ня можа быць старшынёю сходу. Выставілі кандыдатуры Захаркі, Забэйды (оперны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. — Заўв. рэд.), маю. Мы ўголас адмовіліся, хоць я паняцьця ня мела, што тут прадбачыцца».

Поттым на паседжанне прыйшоў муж паэткі, Янка Геніюш. «Яму ня далі яшчэ ні сесьці, ні апомніцца, як ужо „выбралі“ яго старшынёю сходу», пасля чаго Ермачэнка пачаў зачытваць тэлеграму Адольфу Гітлеру ад Камітэта. У гэтым дакуменце фюрэру зычылі перамогі над СССР і «поўнага асвабаджэння Беларускага і іншых народаў ад камуністычнае і жыдоўска-бальшавіцкае заразы».

Як успамінала паэтка, «мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, ня мае права даваць такіх тэлеграмаў. <…> Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сьведама».

Гэтая гісторыя адыграла ў жыцці Геніюш злавесную ролю, да яе мы яшчэ вернемся.

Паляванне на архіў БНР

У наступным, 1942-м, годзе ў Празе выйшла першая кніга паэткі — «Ад родных ніў». У адным з твораў былі і такія радкі:


Як хмарны дзень — так маё сэрца сёння…

Дождж з непагодных сыплецца вачэй…

Гэта таму, што Край мой любы стогне,

кроў ў воды Нёмну жыламі цячэ.


Як пісаў літаратар Міхась Скобла (у прадмове да «Выбраных твораў» Геніюш, якія выйшлі ў Мінску ў 2000-м), пасля выхаду зборніка працытаваным вышэй вершам зацікавілася гестапа. Бо якраз у гэты час тэрыторыя Беларусі была акупаваная Трэцім Рэйхам. Ды і кніга ў цэлым раздражняла спецслужбы, бо ў ёй не было ўсхвалення паходу на ўсход, падтрымкі нацысцкай палітыкі і згадак пра Гітлера.

Ахвярай інтрыг Геніюш стала яшчэ не раз. У 1944-м яна была ў Мінску: у чэрвені, незадоўга да вызвалення, у горадзе прайшоў Другі Усебеларускі кангрэс, на якім прысутнічалі лаяльныя нацыстам прадстаўнікі калабарацыянісцкіх арганізацый. У спісе ўдзельнікаў была і Геніюш — у рэальнасці, як піша Скобла, «цягнік запазніўся, і паэтка прыехала ў Менск ужо пасля закрыцця Кангрэса».

Але галоўнае, што трапіла яна туды не добраахвотна: «Дэлегатаў на яго, асабліва з-за мяжы, арганізатары запрашалі праз пасярэдніцтва фашысцкіх спецслужбаў, што ставіць пад сумненне свабоднае волевыяўленне ўдзельнікаў мерапрыемства. <…> 21 чэрвеня 1944 года на стол аднаго з найвышэйшых нямецкіх чыноўнікаў у Празе К. Франка легла тэрміновая тэлеграма за подпісам штурмбанфюрэра СС Андрэса, у якой паведамлялася наступнае: „Са згоды Генеральнага камісарыята ў Менску 27 чэрвеня адбудзецца арганізаваны БЦР антыбальшавіцкі кангрэс, на якім будзе вырашана пытанне аб аддзяленні Беларусі ад СССР <…>. У кангрэсе павінны ўзяць удзел сябры Беларускага камітэта ў Празе Забэйда-Суміцкі Міхал, Геніюш Іван, Геніюш Ларыса, Русак Васіль“». Відавочна, што гэта не анонс, а загад — ніякага выбару ў Геніюш не было.

Лариса Гениюш. Прага, 1937 год. Фото: rv-blr.com, commons.wikimedia.org
Ларыса Геніюш. Прага, 1937 год. Фота: rv-blr.com, commons.wikimedia.org

Пасля Другой сусветнай вайны Чэхаславакію, дзе паэтка жыла з мужам, вызвалілі савецкія войскі. Неўзабаве ў гэтай краіне адбыўся дзяржаўны пераварот, да ўлады прыйшоў прасавецкі ўрад. Геніюшам пачала пагражаць небяспека.

Асноўная прычына была ў наступным. Вышэй мы згадвалі прэзідэнта БНР Васіля Захарку. У адрозненне ад Ермачэнкі, ён хутка зразумеў сваю памылку і адышоў ад супрацоўніцтва з нацыстамі. У 1943-м Захарка памёр. У сваім тэстаменце ён прызначыў Ларысу Геніюш генеральным сакратаром урада БНР у выгнанні і перадаў ёй архіў рэспублікі. Менавіта на гэтыя дакументы пасля вайны і пачалося паляванне з боку савецкіх спецслужбаў.

У 1948 годзе Ларысу і мужа арыштавалі і дэпартавалі ў СССР, што было незаконна — муж і жонка да таго часу сталі грамадзянамі Чэхаславакіі. У Мінску паэтку дапытваў начальнік НКУС БССР Лаўрэнцій Цанава. Геніюш успамінала ў мемуарах пра сустрэчу з ім:

«Сядзеў гэты крывапіўца за пісьменным сталом, а злева, за другім сталом, сядзеў чэх і паглядаў на мяне пераможна. З мяне быў цень: скура, косьці, крыху мужнасьці ў сэрцы й рэшта — злосьць. Цанава запытаў мае пэрсаналіі, як гэта яны робяць заўсёды, і загадаў скінуць каптурык з галавы, я ня скінула. <…> Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэскага перакладчыка? А я яму й кажу: „Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэця па-беларуску!“ Ён ашалеў! Навокал, я ўбачыла, стаяла многа мужчынаў, нейкія ваенныя, і яны ледзь не сьмяяліся, калі ён казаў: „Вы достаточно хорошо говорите по-русски!“ Праўда, я сказала тады, што расейскай моваю не валодаю дасканала. Ну й вось пачынаецца: „Аддай архіў, аддай архіў БНР!“ — „Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я ня ведаю, гдзе ён!“ — „Бить ее, допрашивать день и ночь“, — верашчыць няшчасны гэнэцвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: „Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!“».

Што да архіва, то частку яго ўдалося вывезці ў Парыж, іншая частка ў выніку ўсё ж аказалася ў СССР. Геніюшаў асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі, якія Ларыса і Янка адбылі ў лагерах Комі і Мардоўскай АССР. Падставай для прысуду стала тэлеграма Гітлеру, пра якую мы расказвалі вышэй.

«Хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў „Беларускага Камітэту Самапомачы ў Празе“. <…> I вось гэты архіў апынуўся ў Менску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зробленая яшчэ адна подласьць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашыя подпісы былі выведзеныя пад капіроўку! Калі мне паказаў гэта Коган, мой сьледчы, я тады зразумела подласьць ня толькі нямецкіх агентаў», — успамінала паэтка ў мемуарах. Гаворка пра тое, што чэкісты выкарысталі іншы дакумент, дзе стаялі подпісы «пражскіх» беларусаў, і прыклалі яго да пратакола з прывітаннем Гітлеру.

Пад каўпаком у спецслужбаў

Геніюш з мужам выйшлі на волю ў 1956-м, пасля смерці Іосіфа Сталіна. Іх тэрмін тады зменшылі да васьмі гадоў, якія муж і жонка ўжо адбылі. Важна, што поўнай рэабілітацыі не адбылося. Тым больш што Ларыса прынцыпова адмовілася атрымліваць савецкае грамадзянства, застаўшыся падданай Чэхаславакіі.

Геніюшы пасяліліся ў Зэльве, на радзіме мужа. Гэта быў невялікі гарадскі пасёлак, раённы цэнтр Гродзенскай вобласці. Тады ў ім жыло ўсяго 2,3 тысячы чалавек. Пазней колькасць пачала расці: праз 20 гадоў насельніцтва Зэльвы складала ўжо 5,6 тысячы. Так што на звыклае ёй да вайны кола зносін паэтка разлічваць не магла. Тым больш што яна заставалася пад кантролем з боку КДБ.

Гродзенскі прафесар Аляксей Пяткевіч успамінаў, як аднойчы выступаў у Зэльве на настаўніцкіх курсах: «Раптам адчыняюцца дзверы, і ўваходзіць з букетам Ларыса Геніюш, сядае на заднюю парту. І бачу з жахам, што людзі цішком, згінаючы спіны, выслізгваюць за дзверы. Настаўніцы беларускай мовы і літаратуры — адна за другой. І застаецца кучка самых смелых».

Лариса Гениюш. Фото: svaboda.org
Ларыса Геніюш. Фота: svaboda.org

А яшчэ Геніюш не магла бачыць сваякоў. Калі яе з мужам павезлі з Чэхаславакіі ў СССР, сына Юрку перадалі на выхаванне родным у Польшчу. Там ён і вырас, ажаніўся, нарадзіліся дзеці. Ларысу не пускалі да яго за мяжу. Але Юрка ўсё ж часам сам прыязджаў у Савецкі Саюз.

Тым часам Янка Геніюш пачаў працаваць у мясцовай бальніцы і паліклініцы. Ларыса засталася хатняй гаспадыняй, працягваючы пісаць «у стол» — улічваючы яе мінулае, шанцаў на публікацыю не было ніякіх.

Цуд прыйшоў адкуль не чакалі: паэтцы дапамог класік беларускай літаратуры Максім Танк. Ён шчыра верыў у камуністычную ідэю. Але ў савецкі час не прызнаваўся, штолічыў нацыянальнымі сімваламі менавіта бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню».

Танк пэўны час быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, таму ў 1967-м дапамог Геніюш выдаць кнігу «Невадам з Нёмана». Дарэчы, рэдактарам кнігі на грамадскіх пачатках (то-бок не атрымліваючы за гэта ніякага ганарару) стаў яшчэ адзін класік, Уладзімір Караткевіч. Праўда, зборнік сур’ёзна пакалечыла цэнзура: з яго выкраслілі 120 радкоў, дзе сустракаліся словы «Бог», «Пагоня», «крывіцкі» — пра гэта пісаў літаратар Міхась Скобла ў прадмове да збору твораў Геніюш.

Пасля выхаду кнігі ў Зэльву ў госці да паэткі пачалі прыязджаць прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Яна стала адным з сімвалаў непадцэнзурнай, свабоднай літаратуры. У сваёй жа творчасці яна ўзняла беларускую нацыянальную ідэю да ўзроўню высокай паэзіі:


Адзінай мэты не зракуся,

і сэрца мне не задрыжыць:

як жыць — дык жыць для Беларусі.

А без яе — зусім не жыць!


Пры гэтым Ларыса працягвала знаходзіцца пад каўпаком у спецслужбаў, і зносіны з ёй часта прыводзілі да праблем.

Напрыклад, у 1968 годзе Алесь Разанаў, яшчэ адзін будучы класік беларускай літаратуры, запатрабаваў аднавіць навучанне ў БДУ на беларускай мове (ён вучыўся на філалагічным факультэце) і пачаў збіраць у падтрымку ідэі подпісы — гэта выклікала прэтэнзіі з боку адміністрацыі. Але на «аловак» яго ўзялі да гэтага — пасля таго як паэт з сябрамі ўпершыню з’ездзіў у Зэльву. Выключэнне ж з ВНУ адбылося пасля таго, як Разанаў яшчэ раз паехаў у госці да паэткі ў няміласці.

Дарэчы, Геніюш у тыя гады дэманстравала цудоўны густ і творчую інтуіцыю. «Рыхтуючы да выдання кнігу яе перапіскі „Каб вы ведалі“ <…>, я ў адным з лістоў неспадзявана напаткаў гэткія словы Ларысы Антонаўны: „Разанаў многаабяцаючы, будзем думаць, што вырасце ў сілу, якая нам цяпер найболей патрэбная“. <…> На момант напісання ліста (2 студзеня 1966 года) будучы класік надрукаваў усяго чатыры вершы, калі не ўлічваць школьных публікацый у [газеце] „Піянер Беларусі“», — пісаў Міхась Скобла.

«Вольніца» для паэткі аказалася адноснай. Ёй дазволілі друкавацца, але толькі як дзіцячай пісьменніцы: у яе выйшлі дзве кнігі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь» (1976). А вось зборнік лірыкі «На чабары настоена» з’явіўся ў кнігарнях ужо пасля яе смерці. Зрэшты, Геніюш так і не ўступіла ў афіцыйны Саюз пісьменнікаў (а іншага ў СССР не было і не магло быць) і не імкнулася ўдзельнічаць у савецкім грамадскім жыцці.


Калі цябе, мілы, краіна пакліча

За родны змагацца парог,

То суму не будзе ў мяне на абліччы

І страху не будзе ў грудзёх.

Дзявочае сэрца ў хвіліне так важнай

Ад жаху мацней не заб’е.

А буду не менш за цябе я адважнай,

Каб сілы дадаці табе.


Спробы рэабілітацыі і дзеянні Бондаравай

Паэтка памерла 7 красавіка 1983 года. Як успамінаў прафесар Пяткевіч, праводзіць яе «выйшла ўся Зэльва. Я ніколі не чакаў і сёння, да гэтага часу не магу паверыць. Большасць людзей імкнуліся не кантактаваць з ёю, гэта было небяспечна. Але калі яе не стала, усе выйшлі на вуліцу».

А пасля смерці Геніюш здарыўся сапраўдны цуд — выратаванне яе рукапісаў і архіва. Яшчэ пры жыцці паэтка перадала археолагу Міхасю Чарняўскаму рукапіс сваіх успамінаў. Улетку 1982 года ён пад покрывам ночы вывез «Споведзь» з Зэльвы. На жаль, як адзначаў Скобла, Чарняўскі тады не адправіў успаміны на Захад: «Сусветны рэзананс на той час ёй быў гарантаваны. І варыянт замежнай публікацыі разглядаўся — з усяго рукапісу былі нават зробленыя фотакопіі. Не сталася, не адбылося. „Споведзь“ прыйшла да чытача толькі ў 1990-м, калі былы выгнаннік і дысідэнт Аляксандр Салжаніцын за свой „Архіпелаг Гулаг“ ужо атрымліваў Дзяржаўную прэмію Расіі…»

Што да архіва, то вырашальную ролю ў яго выратаванні адыграў літаратуразнаўца Адам Мальдзіс. 11 красавіка ў лесе пад Зэльвай людзі ў форме спынілі «рафік» (савецкі мікрааўтобус), у якім той вывозіў архіў у Мінск. На шчасце, да таго часу дакументы былі апячатаныя (пячаткай Саюза пісьменнікаў БССР), а Мальдзіс змог заручыцца падтрымкай высокага начальства: сілавікі даведаліся пра гэта, патэлефанаваўшы ў Мінск. Таму архіў ацалеў, трапіў у беларускую сталіцу. На яго аснове пасля распаду СССР выйшаў збор твораў Геніюш.

Ужо ў незалежнай Беларусі Геніюш двойчы спрабавалі рэабілітаваць. У 1999 годзе Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся ў пракуратуру. Яго супрацоўнікі адправілі скаргу ў Вярхоўны суд. Там адмовілі ў рэабілітацыі, не называючы прычыны. Маўляў, пра іх можна паведаміць толькі самой рэпрэсаванай, якая, нагадаем, на той час ужо 16 гадоў як знаходзілася ў іншым свеце, і яе родным (сын ужо таксама памёр).

Памятник Ларисе Гениюш на территории церкви Святой Троицы в Зельве. Установлен по благословению митрополита Филарета. Фото: Joschiki, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Помнік Ларысе Геніюш на тэрыторыі царквы Святой Тройцы ў Зэльве. Усталяваны на блаславенне мітрапаліта Філарэта. Фота: Joschiki, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Апошнюю па часе спробу зрабілі ў 2017 годзе — гэтым разам ініцыятыва ішла ад актывістаў арганізацыі «Моладзь БНФ». Але ім зноў адмовілі. Сваё рашэнне Вярхоўны суд абгрунтаваў спасылкай на пастанову ўласнага прэзідыума ад 1999 года. Зрэшты, адзіны плюс у такім адказе быў: удалося даведацца некаторыя падрабязнасці. Згодна з дакументам, Геніюш не можа быць рэабілітаваная «за здзейсненыя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 66 і 76 КК БССР (у рэдакцыі 1928 года)».

Артыкул 66 гучыць як «аказанне якім-кольвек спосабам дапамогі той частцы міжнароднай буржуазіі, якая, не прызнаючы раўнапраўя камуністычнай сістэмы, <…>, імкнецца да яе звяржэння». У артыкуле 76 ідзе гаворка пра ўдзел у антысавецкіх арганізацыях. Між тым у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь даўно няма адпаведных артыкулаў, а дапамога «сусветнай буржуазіі» і ўдзел у антысавецкіх арганізацыях даўно перасталі быць злачынствамі.

У той жа час праваслаўная царква не стала звяртаць увагу на гэтыя нюансы — у 2003 годзе на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы быў усталяваны помнік. Мясцовы святар — айцец Георгій (Субаткоўскі), настаяцель прыхода храма, адслужыў паніхіду, а сам помнік атрымаў благаславенне ад царквы — ад мітрапаліта Філарэта. Геніюш шчыра верыла і была прыхаджанкай гэтага храма.

Бондараву гэта не збянтэжыла. У лістападзе 2022 года яна заручылася згодай на знос помніка ў начальніка ўпраўлення па ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігара Булаўкі і намесніцы старшыні Зэльвенскага райвыканкама па ідэалагічнай працы Галіны Раманчук. Але галоўная перашкода яе актыўнасці — царква. Бондарава напісала зварот пра неабходнасць зносу мітрапаліту Веніяміну, даслаўшы яго 24 снежня. У той жа дзень пайшоў ліст і кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі Ігару Сяргеенку.

Апошні пакуль, мяркуючы з усяго, нічога не адказаў актывістцы — прынамсі, адказ у яе канале не з’яўляўся. На даручэнне Веніяміна адказ Бондаравай дадуць у Гродзенскай дыяцэзіі. Магчыма, гэта сведчыць пра тое, што чыноўнікі не хочуць скандалу, якім, безумоўна, стане знос помніка з прыцаркоўнай тэрыторыі. Зрэшты, апошнім часам улады закрывалі вочы і не на такое.