Ва ўкраінскім войску цяпер служыць амаль мільён чалавек. Большасць з іх ваюе з першага дня і ўжо 700 дзён знаходзіцца на фронце. Таму працэс мабілізацыі мусіць грунтавацца на прынцыпе справядлівасці, і пытанне дэмабілізацыі тут не менш важнае. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрв'ю ARD.

— Многія адваявалі 700 дзён на полі бою, я ўдзячны ім, але падзякі ад грамадства мала. Трэба даваць справядлівыя ратацыі, шырокія адпачынкі, грашыма ўсё не закрыеш. Заробак высокі, але патрэбная справядлівасць у гэтым кірунку. Я сёння чакаю ад вайскоўцаў справядлівага закона пра мабілізацыю. Я хацеў бы, каб гэта быў комплексны справядлівы законапраект, — растлумачыў Зяленскі.
Прэзідэнт назваў няправільным тое, што работнікі ваенкаматаў затрымліваюць прызыўнікоў на вуліцах.
— Ёсць выпадкі такія — так, ёсць. Ці правільна гэта — абсалютна не. І яны не павінныя гэтага рабіць, таму я і папрасіў нашых вайскоўцаў і дэпутатаў, калі яны будуць рыхтаваць гэты законапраект (пра мабілізацыю), каб не было шанцаў хадзіць па вуліцах. Ёсць сёння магчымасці выкарыстання digital-фармату. То-бок мы жывём у час цыфравізацыі і тым больш мы вельмі цыфравізаваная краіна. Мы наладзілі гэты працэс і падчас кавіду, і падчас вайны. Няма пытанняў вырашыць гэтае пытанне па-сучаснаму.
Разам з тым ён адзначыў, што Украіну і мір сёння абараняюць не толькі тыя, хто на фронце.
— У нас 880 тысяч — у нас мільённая армія. Але ў нас і 30 мільёнаў чалавек цяпер, цяпер канкрэтна 30 мільёнаў чалавек працуюць, а нават, можа, больш трохі. Сказаць дакладна лічбу не магу, мы дакладна не ведаем, колькі людзей выехала з пачатку вайны — 6,5−7,5 млн чалавек. І ўсе яны абараняюць Еўропу і мір на сваіх працоўных месцах.
Украінскі прэзідэнт прызнаў, што, безумоўна, хацелася б, каб тыя, хто выехаў незаконна, вярнуліся ва Украіну.
— Пытанне не ў тым, што яны абавязкова мусяць быць на фронце — у нас вялікая армія. Пытанне ў справядлівасці — гэтыя людзі мусяць плаціць падаткі, — заявіў ён.
Нагадаем, Вярхоўная рада адправіла на дапрацоўку закон пра мабілізацыю. Як расказаў кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія, было шмат заўваг — «ад тэхнічных да досыць адчувальных».
Камандаванне УСУ хоча мабілізаваць дадаткова 450−500 тысяч чалавек, паведаміў на сваёй прэс-канферэнцыі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.